„Вянок нявесты” . Выстава даўніх шлюбных убораў у Віцебску



У выставачнай залі Віцебскага абласнога метадычнага цэнтру народнай творчасці экспануюцца вясельныя строі і галаўныя ўборы нашых бабуль і прабабуль.

Адзін з элементаў строю маладой і даў назву выставе, кажа вядучы метадыст выставачнай залы Ірына Князева:

– Выстава прысвечана вяселлю, вясельным строям, аксесуарам – усяму, што звязана з гэтым абрадам для дзяўчыны. Называецца яна “Вянок нявесты”, такі атрыбут быў. Менавіта вянок, бо ён сімвал маладосці, дзявочай прыгажосці і чысціні.

Вянкі з белым вэлюмам, вясельныя сукенкі, якія апраналі дзяўчаты ў напрыканцы 19-га і на працягу 20-га стагоддзя, карУны – адмысловыя галаўныя ўборы, якія жанчыны насілі ў першы год пасля вяселля, павязкі і вянкі дружак нявест, картузы маладога і шафераў, букеты са стужкамі, якімі ўпрыгожвалі адзенне маладых, – усе гэтыя прадметы або аўтэнтычныя, або зробленыя па даўніх узорах народнымі майстрамі. На выставе прадстаўлены элементы касцюму жыхароў Падзвіння, Падняпроўя, Паазер’я розных часоў і розных канфесій.

Куфар з пасагам, маляваны дыван, лялькі- “неразлучнікі”, якія дарылі маладым як абярэг на доўгае сямейнае жыццё, – усё гэта таксама можна ўбачыць у выставачнай залі. А яшчэ – шмат старых фотаздымкаў з сямейных альбомаў, якія дапамагаюць аднаўляць шлюбныя ўборы і вясельныя традыцыі.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя