Вяртанне Мікалая Марцінчыка



Да 120-годдзя з дня нараджэння

Яшчэ пры жыцці аднойчы патэлефанаваў даследчык Заходняй Беларусі, доктар філалагічных навук Арсень Ліс (1934-2018) і прапанаваў напісаць артыкул пра Мікалая Марцінчыка. “Гэты чалавек сёння амаль забыты, а ён быў вельмі актыўным грамадска-палітычным дзеячам у Заходняй Беларусі. Стаяў ля вытокаў БСРГ, быў адным з кіраўніком Беларускага студэнцкага саюза, намеснікам старшыні Галоўнай управы ТБШ”, – сказаў Арсень Сяргеевіч.

І ён меў рацыю. Бо Мікалай Марцінчык (1901-1980) – найцікавейшая асоба ХХ стагоддзя. Марцінчык сябраваў і перапісваўся з многімі дзеячамі Беларусі. Пра яго вельмі шчыра заўсёды адгукалася грамадская дзеячка і пісьменніца Зоська Верас (1892-1990). У сваіх пісьмах да сяброў (Зоська Верас. Я помню ўсё. Гародня-Wrocław. 2013. Складальнік Міхась Скобла) яна прыгадвала: “Мне Мікалай Міхайлавіч Марцінчык прысылае парады і лекі. А цяпер, магчыма, той беларус з Варшавы прывязе мне лекі польскія, якія парадзіў і прысылаў на пробу Мікалай Міхайлавіч” (з ліста Фёдара Ігнатовіча). “Не ведаю, ці Вы знаёмыя з др.М.М.Марцінчыкам? Гэта мой знаёмы яшчэ з 1924 г. Мы ўвесь час ліставаліся…” (з ліста да Дануты Бічэль). А вось як казала пра яго беларуская паэтка-змагарка Ларыса Геніюш (Ларыса Геніюш. Лісты з Зэльвы. Гародня-Wrocław. 2012. Складальнік Міхась Скобла): “Шкада доктара Марцінчыка. Пісала мне пра гэта Людвіка Антонаўна (маецца на ўвазе Зоська Верас. – С.Ч.). Вельмі шкадую памершага. Ён не раз быў у нас і памагаў нам даставаць лекі. Няхай лёгкаю будзе яму наша зямля” (з ліста да Аляксея Пяткевіча).

Мікалай Марцінчык быў асабістым доктарам славутага нашага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага (1900-1981). Яны пазнаёміліся яшчэ ў 1920-х гадах у Вільні. З таго часу шчыра сябравалі. Калі спявак жыў у Празе, то кансультаваўся ў Марцінчыка наконт лекаў, прасіў парады, як і чым лепш лячыцца. У 1976 годзе Мікалай Марцінчык атрымаў ад Міхася Забэйды-Суміцкага пласцінку сваіх песень, што выйшла ў Празе ў 1968 годзе з аўтографам: “Дарагому доктару М.М.Марцінчыку – удзячны пацыент М.Забэйда”.

Сапраўды, Мікалай Марцінчык лічыўся даволі добрым доктарам. І так яно было. Ён скончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Часопіс “Студэнцкая думка” за 1928 год № 1 (8) паведамляў: “30.XI м.г. скончыў Віленскі ўніверсітэт з тытулам доктара мед. унів. гр. М.Марцінчык – сябра Б.С.С.” Але не толькі медыцынай займаўся юнак з вёскі Кубельнікі Гродзенскага павета (цяпер Бераставіцкі раён), а таксама палітыкай, грамадска-культурнай працай і журналістыкай.

Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Масалянскай царкоўна-прыходскай школе, бо бацькі Міхась Рыгоравіч і Фёкла Васільеўна хацелі, каб сын вучыўся. А пасля школы, хлопец паступае ў Гарадзенскую беларускую гімназію, а потым яго шлях ляжыць у Вільню.

У Вільні Мікалай Марцінчык хутка ўліўся ў працэс беларускага нацыянальна-вызвольнага адраджэння. Ва ўніверсітэце ён становіцца адным з кіраўнікоў Беларускага студэнцкага саюза (БСС). Часопіс “Студэнцкая думка” (1924, № 1) у сваёй хроніцы паведамляў: “30 лістапада адбыўся гадавы сход Беларускага студэнцкага саюзу. Выбраны новы ўрад Саюзу ў асобах сяброў – Марцінчыка Міколы – старшыня…” і г.д. Ён не толькі кіруе БСС, але сам актыўна выступае з лекцыямі, публікуе артыкулы ў “Студэнцкай думцы” пад сваім прозвішчам і пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі, у іншых заходнебеларускіх выданнях.

У 1925 годзе Мікалай Марцінчык  быў абраны сакратаром, а ў 1926 годзе – сябрам Галоўнай управы Таварыства беларускай школы (ТБШ). Ён актыўна пачаў займацца стварэннем акруговых суполак ТБШ, публікуе ў друку артыкулы ў якіх патрабуе адкрыцця беларускіх школ, сам дапамагае лакальным арганізацыям ТБШ, у межах дзейнасці ТБМ і ТБШ супрацоўнічае з актывістамі КПЗБ, але не падзяляе крайне левых поглядаў камуністаў. А ў 1925 годзе ўдзельнічае ва ўстаноўчай канферэнцыі па стварэнню Беларускай сялянска-работніцкай Грамады пад кіраўніцтвам Браніслава Тарашкевіча, уваходзіць у рэдакцыйную калегію газеты “Беларуская ніва”. На яе старонках 18 лістапада 1925 года паведамлялася: “У нядзелю 16 лістапада адбыўся агульны сход сяброў Таварыства беларускай школы. Пасля справаздачы Цэнтральнай Рады аб дзеяцельнасці за мінулы год і нагляднай аб рэвізіі адбыліся выбары сяброў Новай Цэнтральнай школьнай рады і Нагляднай на наступны год. У Цэнтральную школьную раду выбраны: старшыня – Б.Тарашкевіч, віцэ-старшыні: С.Рак-Міхайлоўскі, М.Заморын, сакратары: Я.Шнаркевіч і М.Марцінчык…”.

У 1927 годзе, пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта, Мікалай Марцінчык  пачаў працаваць у Віленскай педыятрычнай бальніцы. А потым – выкладчыкам анатоміі і хіміі ў Віленскай беларускай гімназіі. Адначасова ён каардынуе выбарчую кампанію ў польскі Сейм, але трапляе ў турму. Праўда, польскія ўлады, каб не надакучаў у Вільні, хутка выслалі Марцінчыка ў вёску Янаўка на Беласточчыну пад нагляд паліцыі. Там ён уладкаваўся на працу доктарам, лячыў вяскоўцаў, але не пакідаў займацца грамадскай дзейнасцю.  

З Янаўкі доктар Марцінчык пераязджае ў Нараўку Гайнаўскага павета і актыўна працуе ў ТБМ. У Нараўцы ўжо ведалі, хто такі доктар Марцінчык. Таму яго прыезд вяскоўцы сустрэлі з радасцю. За свае ўласныя сродкі і за ахвяраванні вяскоўцаў ён хутка купіў рэнтгенапарат, які быў вельмі неабходны. А калі прыйшла на Беласточчыну савецкая ўлада, доктару прыходзілася займацца адкрыццём беларускіх школ, выступаць з лекцыямі і гутаркамі на медыцынскую тэматыку перад насельніцтвам, прымаць удзел у якасці кіраўніка бальніцы  і дэпутата сельскага Савета ў правядзенні сесій , выступаць на мітынгах , бо так патрабавала савецкая ўлада.  

 А калі пачалася вайна, з маладой жонкай (родам з Нараўкі) едзе ў Белавежу і займаецца прыватнай медыцынскай практыкай. Але жыць і працаваць падчас акупацыі было няпроста. Немцы сачылі за доктарам Марцінчыкам, мяркуючы, што ён супрацоўнічае з партызанамі. У першыя дні вайны ў Нараўскай бальніцы было шмат параненых чырвонаармейцаў. Іх дапамагаў даглядаць беларускі доктар. Працы хапала, спаў па пару гадзін у суткі. Але хутка ў Нараўку прыйшлі немцы. Яны абшукалі ўсіх параненых і вельмі цікавіліся, ці ёсць сярод параненых афіцэры і камісары. Доктар Марцінчык казаў, што няма, бо тыя, хто адступаў, забралі іх з сабой. Немцы пакінулі Нараўку, але не надоўга. Яны часта прыходзілі да доктара, шмат распытвалі ў яго, арыштоўвалі.  Дапытвалі спадара Марцінчыка і ў гестапа. Потым забаранілі жыць і працаваць у Нараўцы, загадалі пераехаць у Белавежу, дзе быў вялікі нямецкі гарнізон і гестапа. Але доктар Марцінчык і там дапамагаў сваім людзям, перадаваў для партызан медыкаменты, многіх падпольна лячыў. Асабліва добрыя стасункі былі з камандзірам партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага Аляксеем Карпюком, які родам быў з Беласточчыны. У 1944 годзе, пасля блакады і баёй, партызанскаму атраду імя Каліноўскага патрэбны былі лекі і бінты. І доктар дапамагаў, рызыкуючы жыццём.  

Пасля вайны сям’я Марцінчыкаў пераехала ў Гродна. Доктара хацелі ўзнагародзіць медалём “Партызану Айчыннай вайны”. Але не ўзнагародзілі, бо нехта з чыноўнікаў выкрасліў яго імя са спіску, маўляў, у яго біяграфіі многа “белых плямаў”. Не дапамаглі светкі і тых, каго ён лячыў ад ран.

 А ў 1948 годзе Мікалая Марцінчыка арыштавалі органы МДБ. Яго дапытваў сам Цанава. Пасля допытаў асудзілі на 10 гадоў і адправілі ў Варкуту. Дамоў у Гродна вярнуўся толькі пасля смерці Сталіна, а ў 1956 годзе яго рэабілітавалі.

У Гродне доктар Марцінчык працаваў у абласной бальніцы, да самай смерці шчыра сябраваў з тым жа Аляксеем Карпюком і Васілём Быкавым. Яго не стала ў траўні 1980 года. На надмагільным помніку, які знаходзіцца ў вёсцы Алекшыцы на Бераставіччыне, напісаны радкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”: “Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы…”.

 Шчыры беларус і патрыёт Мікалай Марцінчык вельмі любіў свой родны край, людзей, Бацькаўшчыну. Няхай гэта згадка верне яго да нас. Тым больш, што 16 снежня Мікалаю Марцінчыку спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя