Вяртанне музыкі
У Менску прагучаць творы саракагадовае даўніны, якія мала хто чуў. Праграма складаецца з юнацкіх кампазіцыяў двух аўтараў – Аркадзя Гурава і Віктара Капыцькі. Некаторыя рэчы альбо ўвогуле ніколі не гучалі публічна, альбо лічыліся страчанымі. Гаворыць кампазітар Віктар Капыцька:
– Асабліва шкада твораў Гурава, якія ўвогуле не гучалі з тых часоў, калі былі напісаны, з тых часоў, калі ён пакінуў Менск і з’ехаў у Ізраіль у 1991 годзе. Ягоная музыка ўвогуле страціла гучанне ў Беларусі. Гэта вяртанне музыкі, якую не сорамна паказваць і сёння.
Імпрэза “З музыкі Менску 1975 – 77 гадоў” пройдзе заўтра, 17 лютага, у малой залі Белдзяржфілармоніі. У праграме заяўленыя музыкі з Беларусі і Грэцыі, прагучаць вершы Шэкспіра і Багдановіча, а таксама раяль, чый гук будзе адмыслова зменены шрубамі ды ласьцікамі.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
