Вяртанне праз 100 гадоў



Праз сто год на Глыбоччыну вярнулася ўнікальная паштоўка. Жыхары Глыбокага набылі паштоўку з выявай свайго мястэчка, выдадзеную перад Першай Сусветнай вайной і перадалі яе мясцоваму гісторыка-этнаграфічнаму  музею.

-pashtouka1

Па словах  краязнаўцы Юрыя Калбасіча, глыбачане даведаліся пра існаванне паштоўкі на аўкцыёне ay.by, вырашылі сабраць грошы і набыць яе, бо на ёй быў цікавы краявід і яна расфарбаваная ўручную.

– Знайшоў гэтую паштоўку Кастусь Шыталь – наш малады краязнаўца. Такія рарытэты трапляюць нячаста. І яе трэба было тэрмінова выкупіць. Першапачатковы кошт быў 85 даляраў. Вырашана было прапанаваць мясцовым жыхарам праз сацыяльныя сеткі сабраць ахвяраванні. У выніку паштоўка была набытая за 52 даляры.

Як кажа Юры Калбасіч, цікавы і той факт, што паштоўка была адпраўленая з Глыбокага ў Менск 2 кастрычніка 1915 года на вуліцу Шпітальную. І вярнулася ў Глыбокае спачатку таксама на вуліцу Шпітальную, а потым была перададзеная ў музей.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтара