Вясельныя зычэнні і бласлаўленні ад Янкі Саламевіча



Вельмі часта ўспамінаю свайго знакамітага земляка Янку Саламевіча (1938-2012) – беларускага энцыклапедыста, літаратуразнаўцу, гісторыка, фалькларыста, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, які быў родам з вёскі Малая Кракотка, што на Слонімшчыне.

Гутарыць з ім можна было бясконца, ён шмат ведаў, памятаў, распавядаў. Цікавейшага суразмоўцу я ў сваім жыцці больш так і не сустрэў. Ён ведаў сотні беларускіх песень, прымавак, жартаў, анекдотаў, жыццёвых сітуацый, тостаў, пажаданняў, прыпевак.  За сваё жыццё Янка Саламевіч трыццаць шэсць разоў быў сватам на беларускіх вяселлях. І заўсёды іх вёў па-беларуску. Першае вяселле ён правёў у 1961 годзе, калі яму было ўсяго дваццаць тры. Да гэтага заўсёды прыглядаўся, як вядуць вяселлі старэйшыя сваты, якія прымаўкі кажуць, калі дзеляць каравай. А самым любімым пажаданнем маладым была ў Янкі Саламевіча вось гэта прымаўка: “Каб ваш ложак добра скрыпаў і праз годзік сынок выпаў”.  

Незадоўга да яго смерці я зрабіў з ім вялікае інтэрв’ю. У ім мы гутарылі пра ўсё: і Радзіму, і сяброў, і фальклор, і энцыклапедыі. Але, калі ішла размова пра вяселлі, ён проста рабіўся на міг шчаслівым ад успамінаў і задавальнення. І пачынаў расказаваць пра вясельныя зычэннні і бласлаўленні. А я толькі паспяваў запісваць. На вяселлі ў Салігорскім раёне казалі: “Дару вам кляновы ліст, каб першы сын быў трактарыст, гарманіст, танкіст і г.д.”. Цяпер, праўда, не жадаюць гэтага, а жадаюць, каб сын быў праграміст, эканаміст, фінансіст. А вось яшчэ некалькі вясельных зычэнняў:

„Дару хлеба акрайчык, каб быў сын Мікалайчык. Дару грошы, каб быў мужык харошы. Дару віна бочку – на сына і дочку. Дару жменю медзі, каб дзеці былі як мядзведзі. Дару мех буракоў, каб не называлі адно аднаго дураком. Дару бытам добрым, векам доўгім і моцным здароўем. Дару торбу грэчкі, каб не было між маладымі ніколі спрэчкі. Дару мерку гліны, каб хутчэй клікалі на хрысціны. Дару чатыры падушкі, каб мелі чатыры дачушкі. Дару грошы медныя, каб ніколі не былі бедныя…”

І, нарэшце, да музыкаў, якія добра гралі, сват звяртаўся так: “Дзякуй, хлопчыкі, за тое, што ігралі, а найболей за тое, што перасталі!”.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя