Выйшаў трэці том рамана „Прастрэлены талер”



У Гародні выйшаў трэці том рамана „Прастрэлены талер” – прыгодніцка-гістарычны твор аўтарства Аркадзя Ліцьвіна. Кніга выйшла ў выдавецтве „Юрсапрынт”.

Тое, што астатнія два тамы выйшлі толькі праз пяць гадоў пасля з’яўлення першага тома рамана на паліцах кнігарняў, сам аўтар тлумачыць наступным чынам:

– Напісаў я яго даўно, але выдаць трэба ж грошы. Праўда мы асабліва і не перажывалі, бо гістарычная тэматыка не старэе. Праз пяць, праз дзесяць яно будзе тое самае. Гэта ж не навуковая праца, адсутнічае магчымасць пошукаў у архівах і іншыя спосабы папаўнення тэмы. Таму мы надрукавалі адну трэць, ну а зараз вось на радасці маем дзве астатнія.

Раман прысвечаны гістарычным падзеям, дзе галоўную ролю адыгрывае беларуская шляхта. Аўтар глядзіць на перыяд Яна Сабескага і Аўгуста ІІ Моцнага з пазіцыі беларусацэнтрычнасці:

– Усё маё сачыніцельства не толькі ў гэтых раманах, бо ў мяне ўжо іх дзясятак. Гэта змаганне з беларускімі комплексамі. Комплексы ў нас у самаідэнтыфікацыі, у нацыянальным гонары, у разуменні беларускай гісторыі, ва ўсведамленні таго, што мы нацыя з багатым мінулым і нікому нічым не абавязаныя ў сваім развіцці, ніякім там старэйшым, сярэднім і іншым братам. Мы развіваліся так, як яны развіваліся.

Прэзентацыя трохтомніка рамана Аркадзя Ліцьвіна адбудзецца ў кастрычніку ў гарадзенскім „Цэнтры гарадскога жыцця”, там жа пройдзе творчая сустрэча з аўтарам.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня