Выйшаў з друку першы зборнік вершаў паэткі з Ліды
Свет пабачыў першы паэтычны зборнік паэткі Кацярыны Янчэўскай з Ліды. Аўтарка назвала яго “Белае шматкроп’е”. І вокладку кніжкі паэтка таксама сама аформіла.

Назва зборніка адразу прымушае чытача засяродзіцца на філасофскай задуменнасці, бо сама назва кажа пра тое, што заўсёды ёсць працяг, прастор для руху наперад. А яшчэ шматкроп’е абуджае рэсурсы душы паэткі:
Замест чорнага
Шматкроп’я –
Белы снег.
Абнаўленне надзеі
І абнуленне тугі.
Сцвярджаючы красу і гармонію жыцця, Кацярына Янчэўская шукае цікавыя спосабы і сродкі раскрыцця складанай дыялектыкі думак і пачуццяў нашага сучасніка. З вялікай любоў паэтка апісвае родную Лідчыну, праяўляючы да землякоў сваю павагу, а таксама вялікую любоў да маленькай радзімы. Аўтарка ўжо станавілася пераможцам рэспубліканскага конкурсу “Бацькаўшчына светлая мая”, дзе была пераможцам і ўзнагароджвалася дыпломам другой ступені. Таму творчы вопыт ужо ёсць. Але галоўнае, што ў яе пяе душа, што яна пераадольвае свой сум, таму шчыра імкнецца да ўзвышанасці надзей і жывога святла. Пра ўсё гэта ў першым паэтычным зборніку “Белае шматкроп’е”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя
