Выйшаў з друку сёлетні першы нумар “Дзеяслова”



Свет пабачыў сёлетні першы нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў”. Як і заўсёды, ён багаты на паэзію, прозу, пераклады, літаратурную спадчыну.

Паэтычныя творы на суд чытачоў вынеслі паэты Андрэй Хадановіч, Усевалад Сцебурака, Віктар Сазонаў, Уладзімір Кароткі, Алесь Дуброўскі-Сарочанаў і Марта Багдановіч. Усе гэтыя паэты розныя і своеасаблівыя. У кожнага з іх свае светаўспрыманні, пачуцці і вобразы. У Андрэя Хадановіча атрымалася добрая “Эмігранцкая песня”:

З галінак чужой прасторы

Збіраем гнёзды свае.

Жабрак з вясёлкавай торбы

Надзею нам падае.

Віктар Сазонаў шчыра піша пра родныя Гальшаны:

Нібыта сцерагуць туманы

І ўсё, што прыйдзе і сышло,

Мае халодныя Гальшаны…

Тут сама цёпла мне было…

Дэбютуе ў “Дзяслове” маладая паэтка Злата Клачок, дзе аўтарка філасофствуе, што “бездань ёсць глыбіня, у якой я шукаю прабачэння…”.

Раздзел прозы распачынае урывак з фантастычнай кінааповесці “Пацалунак Юніты” Анатоль Бароўскі. З цікавасцю чытаюцца апавяданні Віктара Варанца, Сяргея Машанскага, Сяргея Календы і Алеся Кіркевіча.

Парадуюць чытачоў і пераклады японца Акутагава Руноскэ (апавяданне “О-Гін” у перакладзе Аляксандры Пятровіч), вершы героя Украіны Васіля Стуса ў перакладзе Галіны Дубянецкай і “Валынскія Каты-Легенды” Аляксандра Ірванца ў перакладзе Уладзіміра Арлова.

Добра чытаецца ліставанне Галіны Бурынай з Алесем Разанавым. Вельмі арыгінальная публікацыя Сяргея Шапрана пра літаратурнае сяброўства Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Караткевіча. Цікава ўспрымаюцца словы пра кніжнага графіка Кастуся Шаранговічы, якія апублікаваў у часопісе Адам Глобус.

Пра мастацка-вобразнае асонсаванне немца ў беларускай літаратуры XIX стагоддзя чытачы даведаюцца, калі прачытаюць даследаванне Наталлі Бахановіч, а нататкі пра кнігі Лявона Валасюка “Непрыдуманыя партрэты” і “Далёкая сядзіба” – у артыкуле Юрыя Паталкова “Талент сардэчнай удзячнасці”.

Рэдакцыя часопіса “Дзеяслоў” аднавіла апытанку-анкету для літаратараў. На пытанні “Дзеяслова” у першым нумары адказваюць пісьменнікі Валянціна Аксак і Леанід Галубовіч.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]