Выйшла кніга, якая знаёміць з выбітнымі асобамі Кобрыншчыны



Сем кобрынскіх аматараў гісторыі – удзельнікаў гісторыка-краязнаўчай секцыі “Універсітэта залатога веку” сталі сааўтарамі кнігі “Карані і кроны”. Кніга пазнаёміць жыхароў Кобрыншчыны з выбітнымі асобамі, якія зрабілі вялікі ўнёсак у быт і жыццё Кобрынскага краю, кажа адна з аўтарак кнігі Ірына Сіманава.

– Напрыклад, Васіль Сідарук. Ён наш земляк. Калісьці ад сялян быў дэпутатам апошняй чацвёртай Дзяржаўнай думы ў Расейскай імперыі. Мы знайшлі на сайце інфармацыю аб усіх удзельніках гэтай думы і там сказана, што да лютага 1917 года ён быў яшчэ ў Петраградзе. А пасля лёс яго невядомы. Мы знаёмім сваіх чытачоў з яго далейшым лёсам. А таксама і з лёсам яго нашчадкаў.

Паводле Ірыны Сіманавай, “Карані і кроны“ ўтрымліваюць 16 артыкулаў. Чытачы могуць даведацца пра лёс палешука Васіля Катовіча з дынастыі святароў, пра Марыю Радзівічоўну з Грушава і іншых не менш цікавых асобаў. Таксама цікавы матэр’ял пра пахаванні часоў Першай сусветнай вайны  і гістарычныя падзеі першых дзён Другой сусветнай вайны, якія высвятляў Антон Шыдлоўскі. У кнізе надрукаваны два артыкулы вядомай краязнаўцы Ніны Марчук. З творам можна пазнаёміцца ў раённай бібліятэцы і школах Кобрына.

Беларускае Радыё Рацыя