Выйшла першая кніга прозы Паўла Каспяровіча
Паэт, празаік, праваслаўны святар, клірык Свята-Пакроўскага сабора ў Гародні Павел Каспяровіч напісаў першую кнігу прозы. Кніга мае назву “Чорная рэчка”, у яе ўвайшлі 12 апавяданняў, што друкаваліся ў розных беларускіх перыядычных выданнях.
Пра кнігу кажа яе аўтар:
„Я заўсёды пісаў толькі вершы, яшчэ са школы. Некалькі год таму я неяк адчуў, што нейкі крызіс творчасці, што быццам я ўжо хачу паўтарыцца ў вершах. Тэмаў няма, натхнення нейкага. І неяк я паспрабаваў напісаць апавяданне, у вершах я ўжо не мог выказаць тое, што хацелася. Можа быць у паэме? Але паэму неяк яшчэ не давялося напісаць. Я напісаў апавяданне, паказаў сваім сябрам – нейкую ад іх крытыку атрымаў, нейкія парады”.
Па словах Паўла Каспяровіча кніга паўстала дзякуючы сустрэчы з прадстаўнікамі Саюза пісьменнікаў:
„У саборы адбылося паседжанне Саюза Беларускіх Пісьменнікаў. І да мяне звярнуліся Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч з пытаннем, чаму я не выдаю кніг. Я кажу што я бы мог, вось верш на кнігу, ці зборнік паэзіі, ці вось апавяданні. Мне кажуць – выдавайце апавяданні, мы вам дапаможам. Я ім даслаў, яны ўзяліся за гэтую справу, праз выдавецтва выдалі гэты зборнік. Так усё гэта і атрымалася. Звыш, можна сказаць”.
Кнігу можна замовіць праз розныя інтэрнэт-кнігарні, а ў Гародні яе магчыма набыць ў краме “Цудоўня”.
Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя
