Выкладчык стварыў старонку ў Instagram, каб зацікавіць вучняў гісторыяй Беларусі



Выкладчык Аршанскага механіка-эканамічнага каледжа, вядомы мясцовы краязнаўца Віктар Лютынскі стварыў адмысловую старонку ў Instagram, дзе размяшчае цікавыя факты з гісторыі роднага краю.

Старонка orsha.kraj стваралася для ўсіх, хто неабыякавы да гісторыі Беларусі. Але найперш – для навучэнцаў, якія шмат часу праводзяць у інтэрнэце, і не надта ахвотна чытаюць падручнікі, кажа ВіктарЛютынскі:

– 90 -95% маіх навучэнцаў маюць старонкі ў Інстаграме, а друкаванае цяпер дзеці амаль што не чытаюць, ні газеты, ні часопісы, ні тым болей кнігі… Таму працуем праз Інтэрнэт, праз сацыяльныя сеткі. Я ж і на ўроку нешта магу спытаць, ці сказаць, каб адчынілі Інстаграм, знайшлі нейкую карцінку, паглядзелі тое ці тое. Карысць ад гэтага ёсць!

Вядома ж, не толькі праз Інтэрнэт ды сацыяльныя сеткі Віктар Лютынскі імкнецца зацікавіць сваіх навучэнцаў. Ён ужо доўгія гады даследуе Аршанскі рэгіён, піша навукова-папулярныя артыкулы, якія выходзілі як у перыёдыцы, так і выдаваліся асобнымі зборнікамі. Для падлеткаў ён ладзіць паходы і экскурсіі, і не толькі па Аршаншчыне, бо лічыць вельмі важным, каб ягоныя выхаванцы ведалі гісторыю сваёй краіны і ганарыліся ёй.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск