Вёска, якая не павінна знікнуць



На Берасцейшчыне на бліжэйшыя два гады аднавіўся праект “Вёска, якая не павінна знікнуць”. Ініцыятыву па-ранейшаму рэалізоўвае грамадскае аб’яднанне аматараў мастацтва “Тур” пры фінансавай падтрымцы нямецкага фонда “Памяць. Адказнасць. Будучыня” і грамадскага аб’яднання “Узаемапаразуменне”. Цяпер праект не будзе вандраваць па рэгіёне, а засяродзіцца на пяці вёсках Драгічынскага раёна – Агдэмер, Гутава, Вавулічы, Сорацні і Дробаты. Мэту праекта акрэслівае яго новы каардынатар Людміла Карнеева:

– Хаця б на гэтыя два гады палепшыць якасць жыцця самотных, пакінутых у знікаючых вёсках людзей. Каб яны адчулі, што камусьці патрэбныя, што яны цікавыя сваімі расказамі, успамінамі. Для іх будуць ладзіцца экскурсіі, канцэрты.

Як гэта было ў 2010-2014 гадах, усе актыўнасці ў межах праекта будуць звязаны з пажылымі людзьмі, толькі з больш актыўным прыцягненнем дзяцей і моладзі ў якасці валанцёраў. Яшчэ адна навінка сярод задач праекта – усталяванне мемарыяла ў памяць забітых у вайну мірных жыхароў спаленай вёскі Сорацні.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя

Фота indiegogo.com