Выстава графікі Сальвадора Далі „Боская камедыя” ў Менску



Выстава графікі Сальвадора Далі „Боская камедыя” адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі 1 сакавіка.

На выставе прадстаўлены ілюстрацыі да „Боскай камедыі”, створаныя Сальвадорам Далі да святкавання 700-годдзя Дантэ Аліг’еры.

На працягу амаль пяці гадоў гравёр Раймон Жаке з асістэнтам уручную выразалі каля 3,5 тыс дошак. Далі асабіста кантраляваў працэс стварэння пласцін, правяраючы і зацвярджаючы кожную з іх.

Першае выданне „Боскай камедыі” з ілюстрацыямі Сальвадора Далі ўбачыла свет у 1965 годзе, творы менавіта з гэтага выпуску прадстаўлены ў Мінску. У экспазіцыю ўвайшлі 100 арыгінальных графічных работ з прыватнай італьянскай калекцыі. Гравюры маюць колер непераўзыдзенай якасці, якая максімальна набліжае графіку да жывапісу. Ілюстрацыі Далі для „Боскай камедыі” прызнаны лепшымі творамі мастака ў галіне кніжнай графікі і лепшымі ілюстрацыямі бессмяротнай кнігі Дантэ. Каштоўным дапаўненнем з’яўляецца тытульны ліст „Боскай камедыі”, на якім у 1965 годзе Сальвадор Далі пакінуў аўтограф і малюнак шарыкавай ручкай. З’яўленню графічных работ папярэднічала серыя акварэлей, якую італьянскі ўрад заказаў Далі ў 1951 годзе. Мастак працаваў дзевяць гадоў і стварыў па адной ілюстрацыі да кожнай тысячы радкоў паэта. Адданы сваёй манеры, Далі не ідзе за тэкстам „Боскай камедыі”, але ў апісаннях Пекла, Чыстца і Раю яго больш за ўсё прываблівае фантастычнае. Адрэагаваўшы ў канцы 1930-х гадоў на агульны паварот у бок класікі, мастак усё ж захаваў адданасць сюррэалістычнай вобразнасці.

Да выставы падрыхтавана суправаджальная праграма адукацыйнага характару, дзе спецыялісты раскажуць пра спадчыну Дантэ, пройдуць чытанні „Боскай камедыі”, прагляды фільмаў і лекцыі, прысвечаныя інтэрпрэтацыі кнігі ў іншых відах мастацтва, а таксама асобе Сальвадора Далі і працэсу стварэння ілюстрацый, і іншыя сустрэчы.

belta.by