Выстава Канстанціна Борына ў AvaKave
Першая персанальная выстава гарадзенскага мастака Канстанціна Борына адкрылася ў мастацкай прасторы кавярні AvaKava, што месціцца ў цэнтры Гародні на Кірава 3. Выстава Канстанціна Борына ў AvaKave– гэта тузін працаў на розныя тэмы ад сланоў, якіх прадстаўлена на выставе ажно 8, а таксама розныя іншыя вобразы.
Пра свае працы распавядае Канстанцін Борын:
– Тут сабраны жывапіс: асобна Японія, сланы, коні і некалькі дзяўчат. Месцамі – лёгка, месцамі – складана. Як штосьці прыходзіць – дык гэта ўсё дастаткова проста, а часам трэба пасядзець і падумаць, што з гэтым зрабіць.
Па словах мастака, працы рыхтаваліся да выставы ажно з 2012 года, калі ён намаляваў першага слана. Канстанцін Борын апроч свайго занятку маляваннем, вядомы ў горадзе тату-майстра, студыя якога пад назваю «Серая Комната» знаходзіцца ў цэнтры Гародні.
Фота Сяргея Апановіча