Выстава карцін беларускіх мастакоў у Бярозаўскай галерэі мастацтваў



У Бярозаўскай галерэі мастацтваў адкрылася выстава карцін беларускіх мастакоў – удзельнікаў пленэру 2013, які адбыўся ў Бярозе.  На выставе прадстаўлены 34 карціны мастакоў Міколы Купавы, Алеся Шатэрніка, Анатоля Маразюка, Таццяны Каландырэц, Таццяны Зданевіч і інш.

Па словах Міколы Купавы, гэта справаздачная выстава мінулагодняга пленэру:

– Тут больш за палову твораў, якія былі створаны  мастакамі  ў майстэрнях за гэты год. Мастакоў натхнялі знакамітыя помнікі архітэктуры, мы былі ў розных мясцінах Беларусі. Праездам дамоў мы пабывалі ў Грушаўцы Тадэвуша Рэйтана і ў Наваградку.

Наведвальнікі выставы былі ў захапленні ад убачаных на палотнах знаёмых мясцінаў:

-Выстава шыкоўная! Я вельмі рада, што наведала яе. Настолькі прыгожыя наш кляштар, нашы Пескаўскія брамы, хутаркі. Усё так дасканала заўважана, прыгожа намалявана. Асабліва дзве карціны Купавы – “Вечарына” і “Касцёл у Ружанах”.  

Бярозаўскі жывапісец Анатоль Маразюк шкадуе, што неабходныя для мастакоў пленэры сталі праходзіць вельмі рэдка.

Выстава ў галерэі мастацтваў Бярозы працягнецца да 1 верасня.

Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза