Выстава мастака для сяброў і землякоў



У выставачнай зале Слонімскага краязнаўчага музея імя Язэпа Стаброўскага 10 жніўня адкрылася персанальная выстава слонімскага мастака Васіля Грыневіча пад агульнай назвай “Запрашэнне сябрам”.

Выстава прысвечана 60-годдзю мастака і 45-годдзю яго творчай дзейнасці. Асноўная тэматыка выставы — прырода роднай Беларусі, увасобленая ў жывапісе і графіцы і разбаўленая нацюрмортамі.

“Жывапіс Васіля прафесійны. Яго працы даюць святло і дораць радасць усім, хто на іх глядзіць. Нельга не адзначыць яго графіку, якая таксама добра выканана”, — заўважыў кіраўнік слонімскай мастацкай суполкі “Арт-Слонім” Яўген Іваноў на адкрыцці выставы.

Павіншаваць Васіля Грыневіча з юбілеем і адкрыццём выставы прыйшлі і прыехалі мастакі Мікола Бушчык, Казімір Кулеш, Андрэй Сідараў, Тамара Стацэнка і іншыя. Шчырыя словы ў адрас свайго любімага таты сказала дачка мастака Ганна Маліноўская – супрацоўніца Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Цёплыя віншаванні гучалі ў адрас юбіляра ад Слонімскіх райвыканкама, музея, бібліятэк.

“Карціны для мяне як дзеці. І я ўсіх іх люблю аднолькава”, — прызнаўся Васіль Грыневіч і шчыра ўсім падзякаваў за віншаванні і за шчырыя словы.

Аксана Фок, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім

Фота аўтара