Выстава партрэтаў, дзе ўсе людзі – роўныя



У віцебскім арт-цэнтры VZAP адкрылася выстава партрэтаў, мадэлямі для якіх былі ўдзельнікі клубнага дому “Крылы надзеі”, дзе дапамагаюць адаптавацца ў грамадстве людзям з досведам псіхічных захворванняў. Але не толькі яны, бо 8 аўтараў намалявалі і аўтапартрэты , і партрэты сваіх сяброў ды знаёмых. Пад кожным творам – некалькі радкоў пра чалавека, якога бачыць глядач, пра ягоныя мары, захапленні і надзеі.

Мастакі імкнуліся падкрэсліць, што кожны чалавек без выключэння – гэта асоба, кажа Дар’я Андронава, метадыст арт-цэнтру VZAP:

– Спрабавалі паказаць людзей, у якіх ёсць некаторыя праблемы, менавіта як асобаў. Не паказаць, што ў іх ёсць праблемы, а паказаць, што кожны з іх – гэта паўнавартасная асоба, якая мае такое самае месца, як і любы іншы чалавек, у нашым грамадстве.

Партрэты маляваліся па фотаздымках, якія прапаноўвалі самі ўдзельнікі клубнага дому. Мастакі неаднаразова сустракаліся са сваімі будучымі мадэлямі, шмат размаўлялі, нешта рабілі разам. Таму і працы атрымаліся вельмі шчырыя, гаворыць аўтарка праекту, мастачка Настасся Красоўская:

– Я даведалася пра клубны дом, пазнаёмілася з тэмай стыгматызацыі, дыскрымінацыі ў нашым грамадстве. Такая праблема ёсць – на чалавеку адразу нібыта ставяць кляймо… Я малявала Яну, гэта такі партрэт, з кветкамі на галаве. Яркі, у жоўтых танах, гэтыя кветкі… І яна таксама ж такая: яркая, добры арганізатар, ёсць у ёй такая энергія. Косцю малявала. Калі з ім разгаварыцца, то гэта вельмі гаваркі, усмешлівы, прыемны чалавек.

Тэма дыскрымінацыі людзей з абмежаванымі фізічнымі або ментальнымі магчымасцямі рэдка ўздымаецца ў беларускім грамадстве. Яны часта робяцца аб’ектамі незаслужаных насмешак, не могуць знайсці працу, не пачуваюцца роўнымі сярод іншых людзей. Аўтары выставы “Я” імкнуцца пераканаць гледача, што гэта несправядліва.

[Not a valid template]

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя