Выстава пра Халакост як згадка пра чорныя часы беларускай сталіцы
У Гістарычнай майстэрні ў Менску, якая месціцца на вуліцы Сухой, 25, да 5 снежня адкрытая выстава „Халакост у гісторыі маёй сям’і”. Натуральна, што з прычыны COVID-19 пра яе наведванне і экскурсію неабходна дамаўляцца праз электронную пошту [email protected] Наведаць экспазіцыю можна бясплатна. Выстава стала вынікам сумеснай працы падлеткаў з Беларусі, Нямеччыны, Украіны, Расеі і Польшчы ў рамках двухтыднёвай творчай лабараторыі.
Экспазіцыя сфармаваная з некалькіх відэа, плакатаў, серый малюнкаў, інсталяцый. Відэакалаж Вікторыі Панцелейманчук з Украіны і Златы Смольнік з Беларусі «Дзяўчына пад знакам збаўлення» паказвае гісторыю цудоўнага выратавання Акцябрыны Мазо, чыя сям’я жыла ў цэнтры Менска. Ёй удалося ўцячы ад нацыстаў з ужо разгорнутага на тэрыторыі горада гета. Дзмітрый Антохін з Расеі ў фотакампазіцыі і сяміхвілінных відэа «Ты ніколі не даведаешся, як памерла твая маці …» пранікнёна распавядае пра трагедыю сям’і з Арла. У жанры рэпартажу ён кажа пра тое як маці, якая засталася ў акупацыі, піша лісты да сына. Сын з’ехаў з бабуляй у эвакуацыю, а маці, ужо без асаблівай надзеі вырвацца з крывавых лап нацыстаў, пісала сыну. Адзінай надзеяй было тое, што лісты ўсё ж дойдуць да самага блізкага чалавека. Жанчына пакутліва апісвае дні, якія цягнуцца пад нямецкай акупацыі, да таго ж у гета. Гэта звесткі апошніх дзён чалавека. Сын прачытаў гэтыя лісты, калі мамы і дзеда, які таксама застаўся ў Менску, ужо не было ў жывых.
Можна пачуць на выставе і польскую мову. Польскія студэнты Павел Маслоўскі і Матэуш Чаркоўскі зрабілі відэасюжэт пра гісторыю сям’і Кшывіцкіх, якая пасля вайны была ўганараваная знакам «Праведнікаў народаў свету». Паўтара года яны хавалі ў сябе сям’ю габрэяў з Гародні. Спаць габрэі вымушаныя былі ў кароўніку, а на дзень, пакуль суседзі ці паліцаі не бачылі, іх заводзілі ў дом грэцца. Страх быць выкрытым і застрэленым быў вельмі моцным, карміць няшчасных бежанцаў даводзілася з вядра, якое пад выглядам кармлення кароў насілі з дому.
З дапамогай кампутарнай графікі Міхаіл Багамольскі з Нямеччыны і Ганна Галенка з Беларусі стварылі экспанат «Памяць пра генацыд»: Ілля Памяранец, які прайшоў фронт і нацысцкі палон, вяртаецца дадому і даведваецца, што нікога з сям’і не засталося ў жывых. Пра гісторыю габрэяў з мястэчка Іўе і дзяўчынкі Эстэр Левінай (Раміэль), якую ў гады акупацыі выратавала ад гібелі сям’я Пазняк, распавядае відэа беларускага аўтара Іллі Вераб’я. Шчымлівыя кадры вяртання Эстэр на Радзіму, дзе яна была ўратавана падчас вайны. Жанчына, якая пасля вайны адправілася жыць у Ізраіль, згадвае толькі пару словаў з мовы, якую чула ў маленстве, у астатнім гаворыць на іўрыце і размаўляе са сваёй выратавальніцай праз перакладчыцу. Пры гэтым Эстэр нечакана ўзгадвае на месцы, куды і адкуль вялі сцяжынкі, што знаходзілася на панадворку, дзе былі немцы. Яе выратавальніца, нягледзячы на пачэсны век і дзесяцігоддзі, якія мінулі пасля вайны, да драбніц памятае ўсе абставіны тых дзён.
Ёсць у экспазіцыі і гісторыя пары закаханых, якія жылі ў Нямеччыне і Італіі. Іх пераследавалі фашысты.
Ёсць і іншыя гісторыі з дакументамі, як вайна, палоны, геты і іншыя нягоды разлучалі сем’і.
Арганічна ўпісваецца ў выставу пра Халакост і здымак уваходу ў Менскае гета, якое стала месцам гібелі тысяч людзей. Моцнае ўражанне робіць плакат з фотаздымкамі ахвяр гета. Выяваў многіх людзей не захавалася. Усяго ахвярамі Менскага гета сталі прыкладна 80 тысяч габрэяў. У ім былі знішчаны не толькі менчукі, але і габрэі з іншых краін.
Акрамя самой выставы пра Халакост, можна паглядзець і тое, што з’яўляецца пастаянным у Гістарычнай майстэрні. Шкада толькі, што амаль адсутнічае беларуская мова ў афармленні. Хацелася б верыць, што арганізатары абавязкова будуць выкарыстоўваць беларускую надалей. У доме, які з’яўляецца гістарычным, ацалелым, можна паглядзець і нават спусціцца ў падвал, у якім, меркавана, хавалі габрэяў у гета.
Таксама на ўваходзе захаваныя пастаянная інсталяцыя з валізамі, якія мелі габрэі падчас Другой Сусветнай вайны і таблічку ў памяць аб ахвярах. У межах яшчэ адной выставы можна прачытаць біяграфію вядомых людзей, звязаных з Беларуссю, якія трапілі пад здзекі нацыстаў.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
