Выстава пра Трасцянец у харальнай сінагозе Гародні



У Гародні адкрылася выстава, што распавядае пра памяць і гісторыю самага вялікага лагера смерці ў Беларусі – «Трасцянец». На вялікіх планшэтах, што месцяцца ў вялікай зале гарадзенскай харальнай сінагогі, паказана жахлівая гісторыя стварэння лагераў смерці, а таксама гісторыя простых людзей, што трапілі ў такія месцы.

Пра выставу і яе ролю для сучаснага пакалення распавядае старшыня гарадзенскай габрэйскай абшчыны Барыс Квяткоўскі:

— Крышачку здольнае яшчэ раз узняць цікавасць да тэмы той велізарнай трагедыі, што дарылася на беларускай зямлі, трагедыя, якая закранула не толькі габрэйскі народ, але і ўсе народы, што жывуць на Беларусі, бо гнабілі ўсіх без разбору. У адпаведнасці з ідэалогіяй Гітлера першымі знішчэнню падлягалі лішнія нацыі, а такімі яны лічылі цагана, габрэяў, а наступнымі ў чарзе былі б расейцы, беларусы, украінцы і палякі — усе. 

Стваральнік выставы, прадстаўнік гістарычнай майстэрні Леаніда Ленвіна Аляксандр Далгоўскі лічыць, што гэта выстава вельмі знакавая для беларускай гісторыі.

— Асаблівасць гэтай выставы ў тым, што ўпершыню нямецкія, аўстрыйскія, чэшскія, беларускія гісторыкі, прадстаўнікі музеяў сабраліся і сфармавалі агульны погляд на буйнейшае месца знішчэння на тэрыторыі былога СССР, а менавіта — Трасцянец. Сфармавалі свае гістарычныя погляды і запісалі гэта на нямецкай, расейскай, беларускай мове адзін у адзін. То бок, змест выставы аднолькавы на ўсіх мовах.

Па словах арганізатараў выставы экспазіцыя будзе цікавая не толькі жыхарам Гародні, але і школьнікам і студэнтам, што вывучаюць гісторыю Беларусі. На адкрыццё экспазіцыі завіталі прадстаўнікі консульства Польшчы і Нямеччыны, а таксама вялікая колькасць школьнікаў з Гарадзенскай гімназіі №1.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня