Выстава прац Андрэя Гаргоца ў Браславе



Ад трох да пяці тысяч еўра каштуюць самыя дарагія карціны, якія прапануюць набыць жадаючым на выставе ў Браслаўскім музеі традыцыйнай культуры. Пяць тысяч еўра каштуе карціна з выявай Высоцкага, якую напісаў мастак з Латвіі Андрэй Гаргоц. У Браславе зараз праходзіць выстава яго працаў.

Як кажа загадчыца Браслаўскага музея традыцыйнай культуры Элеанора Зінкевіч, гэтая выстава як пачатак культурніцкай супрацы паміж нашым і краслаўскім музеямі, дамову аб чым мы падпісалі восенню 2014 года.

– На выставе прадстаўлены працы не толькі самаго мастака Андрэя Гаргоца, але і яго студыйцаў. Гэта мастакі-непрафесіяналы, кожны з якіх мае сваю асобную адукацыю, але ўсіх іх яднае любоў да жывапісу. На выставе прадстаўлены 35 прац шасці чалавек.

Андрэй Гаргоц жыве і працуе ў латышскім горадзе Краслава, лічыць сябе прыхільнікам неаакадэмічнай плыні жывапісу. Неаднаразова ладзіў персанальныя выставы ў Рызе, Юрмале, Даўгаўпілсе. Яго творы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Ізраіля, Германіі, Іспаніі, ЗША і іншых краін.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі