Выстава, прысвечаная Агінскаму і Слоніму



У Слонімскім раённым краязнаўчым музеі імя Язэпа Стаброўскага адбылося адкрыццё выставы прац мастакоў творчага аб’яднання “Арт-Слонім”. Выстава мае назву “Правінцыя Міхала Казіміра Агінскага”. Гэта ўласны праект менскай мастацтвазнаўцы Ганны Маліноўскай.

На выставе слонімцы пабачылі шмат арыгінальных твораў слонімскіх мастакоў, у якіх адлюстравана гісторыя Слоніма, помнікі архітэктуры, нацюрморты, сядзібы. Наведвальнікі з цікавасцю знаёміліся з мастацкімі творамі Уладзіміра Макарэвіча, Яўгена Іванова, Андрэя Сідарава, Васіля Грыневіча, Казіміра Кулеша, Аляксандра і Тамары Сцяцэнкаў, Віталя Гіля, Алены Зайцавай.

Падчас выставы Ганна Маліноўская распавядала пра ідэю праекта, якая з’явілася абсалютна нечакана, падчас сустрэчы са слонімскімі мастакамі ў іх “сядзібе”, што месціцца ў палацы Пуслоўскіх у слонімскім мікрараёне Альбярцін. Ведаючы з маленства, хто такі Агінскі, яны былі шчыра здзіўлены, што пасля старасты слонімскага, нашчадкам, засталася спадчына – шаўковыя габелены і вазы з фаянсу, вырабленыя на мануфактурах, адкрытых у Слоніме і Целяханах для задавальнення ўласных патрэб старасты і яго двара. “Так, нават двара, – распавядала спадарыня Маліноўская, – бо рэзідэнцыя Міхала Казіміра Агінскага ў Слоніме, з палацам, што нагадваў паменшаную копію Версаля, оперным тэатрам, слава пра які грымела на ўсю Еўропу ў другой палове XVIII стагоддзя, мануфактурамі, была варта самога караля. І гэты перыяд у гісторыі Слоніма стаў апошнім бліскучым уздымам перад тым, як Рэч Паспалітая знікла з мапы Еўропы. Больш ніколі Слонім не ведаў такой славы, як у тыя часы”.    

[Not a valid template]

Аксана Шпак, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара