Выстава, прысвечаная гісторыі мястэчка Беразвеч



Выстава,  прымеркаваная да 380-годдзя зацвярджэння тэстаменту Юзафа Корсака на мястэчка Беразвеч, адкрылася ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім. На ёй прадстаўленыя рэпрадукцыі карцін з выявамі Беразвечча і Беразвецкай царквы і яе макет.

Храм пабудавалі манахі-базыліяне ў ХVIII стагоддзі ў стылі віленскага барока на сродкі Корсака. Цяпер на яго месцы ў Глыбокім знаходзіцца турма.  А дакладную копію разбуранага беразвецкага храма можна зараз пабачыць у Беластоку – гэта касцёл Уваскрасення Езуса Хрыста.

Паводле пробашча касцёла Святой Тройцы ў Глыбокім Мікалая Ціхановіча, гэтая выстава прымеркаваная яшчэ і да 130-годдзя з дня нараджэння мастака Язэпа Драздовіча. Ён, як стала вядома нядаўна з гістарычных дакументаў, быў ахрышчаны ў глыбоцкім касцёле як дваранін, да таго ж напісаў некалькі карцін Беразвечча.

– Мы павінны ведаць гісторыю. І гісторыю не сфальшаваную, а рэальную, якая адбывалася на нашай зямлі. І таму дзякуючы актывістам, гісторыкам, людзям, якія цікавяцца мінулым нашай краіны і помнікамі архітэктуры, вось гэта выстава і адбываецца. Сапраўды, маладое пакаленне не ведае гісторыю Беразвечча. І душа баліць, што мы згубілі адзін з прыгажэйшых храмаў віленскага барока, таму мы павінны гэта ўспамінаць, даследаваць гісторыю з яе ўсімі старонкамі.

На выставе можна даведацца пра гісторыю Беразвечча таксама і з копій гістарычных дакументаў, кнігі “Беразвечча ў службе Бога і ў моцы дэманаў”, а таксама ад глыбоцкіх краязнаўцаў. Пасля службаў у касцёле яны адкажуць на ўсе пытанні наведвальнікаў выставы адносна мястэчка Беразвеч, якое ўжо даўна ўвайшло ў склад Глыбокага.

Выстава ў  глыбоцкім касцёле Святой Тройцы будзе доўжыцца месяц.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара