Выстава «Ровары дзядзькі Андрэя» ў Гародні



У Гародню вярнуліся ровары фабрыкі Старавольскіх «Нёман». Але толькі на два тыдні, і ў межах выставы «Ровары дзядзькі Андрэя».

Калекцыянер і рэканструктар старых ровараў з Менску, Андрэй Камоска адкрывае 3-га верасня ў гарадзенскім «Цэнтры гарадскога жыцця» уласную выставу ровараў для дарослых і дзяцей.

– Не варта зноў вынаходзіць ровар, не варта. Лепшае ўжо прыдумана 2-3-4 пакаленні таму, а зараз мы проста паўтараем гэта з новых матэрыялаў. А што датычыцца дасавецкіх і асабліва савецкіх і постсавецкіх часоў, то па ўсяму Савецкаму саюзу рабілі ровары на чатырнаццаці роварных заводах, яны рабілі дарослыя і падлеткавыя ровары. З гэтых заводаў зараз жывыя толькі два – адзін у нас, у Менску, і адзін – у Бранскай вобласці Расеі, пасёлак Жукоўскае.

У калекцыі Андрэя Камоскі цяпер 14 адноўленых і папраўленых ровараў. На выставу ў Гародню ён прывёз толькі чатыры рэтра-ровары для дарослых і некалькі дзіцячых, якія выпускаліся беларускімі роварнымі прадпрыемствамі ад дваццатых гадоў. Выстава «Ровары дзядзькі Андрэя» адчыніцца а 19-00 гадзіне 3-га верасня і будзе адчынена для наведнікаў да 17-га верасня па адрасе вуліца Кірава дом 3, другі паверх.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя