Выстава старых беларускіх выданняў у Дзятлаве



У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адкрылася выстава старых беларускіх кніг і часопісаў ХХ стагоддзя пад назвай “Кніга ў прасторы і часе”. Выставу склалі кнігі з фондаў музея, а таксама з прыватнай бібліятэкі дзятлаўскага грамадскага актывіста Валерыя Петрыкевіча – сына заснавальніка гэтага музея Міхася Петрыкевіча.

Наведвальнікі музея знаёмяцца з арыгінальнымі і рэдкімі беларускімі выданнямі 1910-1930- х гадоў, пасляваеннымі выданнямі і выданнямі 1970-х-1990-х гадоў.

Асабліва зацікаўленне выклікаюць выданні былой Заходняй Беларусі, выданні пачатку ХХ стагоддзя. І гэта даволі рэдкія – зборнік “Дыяменты” (Кіеў, 1919), “Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры” Ігната Дварчаніна, “Пабрацімцы і вялікая шышка” Язэпа Драздовіча, “Веснавыя мелёдыі” Франука Грышкевіча, кнігі Адама Станкевіча, Вацлава Ластоўскага, Вінцука Адважнага, Антона Луцкевіча і іншых вядомых асобаў нашай Бацькаўшчыны.

Ёсць на выставе і кнігі з аўтографамі. Напрыклад, Янка Брыль некалі пакінуў аўтограф дла Міхася Петрыкевіча: “Дарагому сябру М.Ф.Петрыкевічу на ўспамін нашай сустрэчы ў Валеўцы. Мінск, 9.02.1954 г. Янка Брыль”.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава

Фота аўтара