Выстава “У гэтых вокнах жыве любоў” – першы паказ у Полацку



У полацкай Мастацкай галерэі адкрылася выстава мастацкага тэкстылю Таццяны Козік і калекцыі адзення з лёну Таццяны Козік і Марыны Мерцалавай “У гэтых вокнах жыве любоў”.

Варта адзначыць, што полацкая Мастацкая галерэя насамрэч гэта мастацкі музей, які сабраў у сваіх фондах выдатную калекцыю беларускага выяўленчага мастацтва другой паловы ХХ ст. – пачатку ХХІ ст. Падобнай ўстановай культуру не кожны абласны гарад Беларусі можа пахваліцца. Напрыклад, у Гародні ўвогуле няма мастацкага музея.

Полацкая Мастацкая галерэя займае цэлы корус былога езуіцкага калегіюма. Зрабіць тут сваю выставу лічаць прэстыжным самыя славутыя беларускія мастакі. Тут выстаўляліся графікі Юры Якавенка і Віктар Славук, Уладзімір Вішнеўскі і Уладзімір Савіч, жывапісцы Сяргей Грыневіч і Руслан Вашкевіч, Аляксандр Ксяндзоў і Уладзімір Тоўсцік і многія іншыя.

Палачанка Таццяна Козік неаднойчы рабіла выставы на роднай выставачнай пляцоўцы, але ўпершыню паказала свае найноўшыя работы, якія адлюстоўваюць новы перыяд яе творчасці.

Мастацтва не трывае шаблонаў, агульных месцаў, паўтораў і банальнасцяў. Мастацтва любіць пошук, эксперымент і новы погляд на звыклыя рэчы.

Таццяна Козік з маладосці засвоіла гэты ўрок.

Першыя яе работы былі хутчэй выкананнем хатніх заданняў настаўнікаў. Таццяна вучылася класічным прыёмам ткацтва, набывала свой “выяўленчы голас”, спрабавала аб’яднаць паэтычны вобраз з візульным аб’ектам.

Яе выставы ператвараліся ў сінтэтычныя мастацкія дзеі, з выкарыстаннем фальклорных нумароў, дэфіле аўтарскага жаночага адзення, з чытаннем вершаў.

Мастачка працягвала свае эксперыменты і ад класічнага габелена перайшла да інсталяцый і аб’ёмнага габелена, адной з першых у Беларусі пачала спалучаць тэкстыль і метал (металічную сетку).

Але ад гэта яе паэтычныя мастацкія вобразы не ператвараліся ў халодныя дызайнерскія аб’екты. Яны набывалі іншыя каардынаты быцця, выходзілі за рамкі звыклых канонаў, але не парывалі сувязь з рэальным жыццём і ягонымі разнастайнымі праявамі.

Лагічным быў прыход мастачкі і да стварэння калекцый жаночага адзення з лёну, нядаўна яна пачала займацца гэтай творчасцю ў сааўтарстве з Марынай Мерцалавай. Паказы аўтарскіх мадэляў на мастацкіх выставах надавалі вернісажам пачуццё ўзаемаўплываў мастацтва і паўсядзёнага жыцця.

Плануецца, што выстава, якая зараз экспануецца ў Полацку, павандруе па Беларусі.

Вернісаж “У гэтых вокнах жыве любоў” у полацкай Мастацкай галерэі можна пабачыць да 14 студзеня.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя