Выстава выцінанак Наталлі Сухой “Гісторыі дрэваў”



“Гісторыі дрэваў” – у Глыбокай цэнтральнай бібліятэцы адкрылася выстава выцінанак Наталлі Сухой. Яна прымеркаваная да Другога міжнароднага фестывалю дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй”. На ёй прадстаўлена больш за дваццаць працаў майстра. Таксама Наталля Сухая правяла майстар-клас па вырабе выцінанкі і прэзентавала гісторыю беларускай рэгіянальнай выцінанкі.

Паводле майстра  Наталлі Сухой, выцінанкі на выставу яна адбірала тыя, якія б пасавалі да “Дударскага рэя”, у асноўным гэта вобразы дрэваў.

– Супрацоўніцтва наша з глыбоцкімі работнікамі культуры і пачалося з “Дударскага рэю”, з маёй выцінанкі з анёламі дударамі, якая тут была зроблена ў друкаваным выглядзе. Таму мы працягнулі гэтую тэму. У выцінанцы дрэва – гэта значны сімвал. І для музычных інструментаў, якія робяцца з дрэва, таксама гэта вельмі важна. Гэтыя гісторыі дрэваў магчыма і агучваюць зараз нашыя дудары на канцэрце. Кожнае дрэва спявае.

Наталля Сухая займаецца выцінанкай з 1996 года, сёлета яна стала Народным майстрам Беларусі. Яе творы знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях Беларусі, Украіны, Літвы, Швецыі ды іншых краін Еўропы.

Выстава ў Глыбоцкай раённай бібліятэцы будзе працаваць да 1 чэрвеня з 9.00 да 18.30.

Таццяна Смоткіна

Фота аўтаркі