Вызначаны фіналісты „Адборышча”



20 траўня ў менскім клубе „Ілі” прайшоў конкурс „Адборышча”, паўфінал славутага штогадовага музычнага фестываля „Басовішча”.

З дзесяці гуртоў журы абрала чатыры, якія будуць змагацца ў фінале на самім фэсце.

У гэтым годзе маладую беларускую сцэну будуць прадстаўляць Teleport, Barrokka, Leibonik ды Snop Snou. Кажа суарганізатарка фестываля Хрысціна Дарапей:

– Сёлетнія прэтэндэнты адрозніваліся стылістычна моцна, пераважна былі рокавыя прадстаўнікі, былі гурты з элементамі “Танга”, з цяжкімі элементамі ці наадварот арт-рокаўскімі. Адпаведна мы ўлічвалі розныя крытэрыі, калі адбіралі каманды – гэта і музычны складнік, гэта і тэкставы складнік, і візуальны складнік, агулам як гурт трымаецца на сцэне, якім чынам ён можа выглядаць на сцэне “Басовішча”, ну і ці пасуе ён пад характар нашага фестывалю. “Басовішча” з часам змяняецца, мы адыходзім ад класічнай рокавай стылістыкі, бо музыка змяняецца, мы змяняемся і фестываль адпаведна таксама мусіць нейкім чынам улічваць гэтыя асаблівасці.  

28-ы фестваль „Басовішча” пройдзе 14-15 ліпеня ў мястэчку Барык паблізу Гарадка, што на Падляшшы. Зараз ідзе актыўная арганізацыйная падрыхтоўка да фэсту.

Арганізатары адзначаюць, што ўдзел у ім возьмуць гурты з Беларусі, Украіны, Польшчы. Але пакуль не раскрываць усіх таямніц і заклікаюць сачыць за навінамі фэста ў сацсетках.

 

Алена Вільтоўская. Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара