Вызначаныя гурты, якія выступяць на «Басовішчы»



11 траўня ў менскім клубе «Брюгге» прайшоў конкурс «Адборышча» паўфінал штогадовага фестывалю маладой беларускай музыкі «Басовішча». З васьмі гуртоў журы адабрала тры, якія будуць змагацца ў фінале на самім фэсце. Сёлетняя адметнаць – яшчэ адзін гурт-фіналіст быў абраны гледачамі.

Распавядае суарганізатарка фестывалю Хрысціна Дарапей:

Тое, што мы пабачым на сцэне «Басовішча», мне здаецца, будзе вельмі ўзроўневым. І інтрыга захоўваецца нават для мяне па гэты момант і будзе трываць нават да ліпеня, бо гэта моцныя каманды.

У гэтым годзе маладую беларускую сцэну будуць прадстаўляць на «Басовішчы» гурты Eryk i Ja, MorkvoЦвет, SnopSnoŭ ды Колір.

Кажа прадстаўніца беларускага аб’яднання студэнтаў Лідзія Пякарская:

Мы хочам мяняцца разам з тым, як мяняецца беларуская і міжнародная музыка, з тым, што слухаюць маладыя людзі. Гэтае «Адборышча» было прыкладам таго, што старой рок-музыкі ўжо амаль няма, яна пераходзіць больш у міжнародны, электронны стыль.

Фестываль «Басовішча» сёлета пройдзе 20 ды 21 ліпеня ў мястэчку Борык на Беласточчыне.

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтаркі