WATCH DOCS Belarus у Гародні



Міжнародны фэст WATCH DOCS Belarus распачаў прагляды дакументальнага кіно ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гародні.

Пра праграму фэсту распавядае кіраўніца гарадзенскай філіі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», адна з арганізатарак фэсту ў Гародні Вольга Корсун:

– Фестываль дакументальнага кіно WATCH DOCS ужо не першы раз адбываецца ў Беларусі. Вось зноўку гэтай восенню мы зможам пабачыць найлепшыя працы рэжысёраў-дакументалістаў самых розных краін. І мы вырашылі зрабіць некалькі такіх тэматычных спецпраглядаў. У нас быў прагляд, прысвечаны моцнай асобе, моцнай жанчыне, якая проста вось адна можа змяняць свет. На наступным тыдні мы далучаемся да тыдня супраць смяротнага пакарання, да нас прыедзе эксперт, і мы таксама хочам паглядзець фільм на гэтую тэматыку.

Пра першы фільм, што паказалі ў Гародні, распавядае фатограф Аляксандр Саенка:

– Гэты фільм, пра падзеі ў Афганістане, – вельмі важны фільм, бо праблема наркотыкаў таксама актуальная ў Беларусі, вельмі шмат саджаюць людзей па артыкуле 328, даюць вялікія тэрміны. І мне было цікава паглядзець, як гэта адбываецца ў Афганістане.

Асноўная праграма фэсту дакументальнага кіно будзе паказаная ў лістападзе 2019 года. Арганізатары абяцаюць для гарадзенцаў паказаць фільмы, што атрымалі прызы на розных міжнародных фэстах.

Беларускае Радыё Рацыя