WATCH DOCS у гарадзенскай “Несцерцы”



Упершыню ў Гародні распачаўся кінафэст WATCH DOCS, фэст які цягам апошніх 15 год адбываецца ў Польшчы і толькі два гады ў Беларусі.  Для першага паказу фестываля было абранае незвычайнае месца – веганскі бар „Несцерка”, месца, дзе збіраецца нефармальная моладзь Гародні.

Пра першы паказ фільма расказвае арганізатар фэста ў Гародні, Вольга Галецка:

– Фільм распавядае пра сталую жанчыну, якая вырашае падарожнічаць па свеце, мне здаецца, што гэта актуальна, таму што, датычна Беларусі, мне здаецца, кожны думае, кіну ўсё і паеду некуды далей, бо ёсць мяжа, якая знаходзіцца 16 кіламетраў ад нас, але сапраўдныя межы знаходзяцца ўнутры ў нас.

Цягам тыдня – з 12 па 17 снежня – будуць паказаныя фільмы на розныя тэмы — гэта і правы жанчын, і вайна ў Чачні, і вайна ва Украіне, экалогія, сталыя людзі. Мерапрыемствы фэсту апроч „Несцеркі” пройдуць у „Цэнтры „Трэці Сектар”, Цэнтры дадатковай адукацыі дарослых „Студыя карысных кампетэнцый”.

Беларускае Радыё Рацыя