Як мітрапаліт Філарэт уратаваў званіцу манастыра ў Пустынках
Як мітрапаліт Філарэт уратаваў званіцу манастыра ў Пустынках на Мсціслаўшчыне – самую высокую ў Беларусі.
Згадвае археолаг, гісторык, былы дэпутат Вярхоўнага Савета Алег Трусаў:
– Гэта заслуга толькі майго вялікага сябра ўладыкі Філарэта. Бо ўсё гэта было разбітае, спаленае, падала, рушылася. Я, калі быў дэпутатам, колькі разоў хадзіў да Філарэта і кажу: “Уладыка, вазьмі ты гэты манастыр”. Ён кажа: „Ага, вазьмі, потым жа адбудоўваць трэба”. Я яму кажу: “Гэта дзясяты манастыр у Расейскай імперыі. Падымі дакументы”. Уладыка ўзяў. Ну, як узяў, так і аднавілі. Там аднавілі гэтую званіцу, самую высокую ў Беларусі – 59 метраў.
Мітрапаліт Філарэт больш за 20 гадоў узначальваў Беларускую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату. Да самага сыходу з зямнога жыцця, сёлета 12 студзеня, заставаўся пачэсным экзархам усяе Беларусі.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: radzima.org
