Янка Казека і яго час



У Брылёўскай сельскай бібліятэцы Магілёўскага раёна прайшла літаратурная гадзіна „Пачуць подых літаратуры”, прысвечаная 105-годдзю з дня нараджэння беларускага літаратуразнаўцы і крытыка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, Заслужанага работніка культуры БССР Янкі Казекі.

Бібліятэкар Юлія Яцкова распавяла пра тое, што жыццёвы шлях Івана Дарафеевіча пачаўся 31 жніўня 1915 года ў вёсцы Кострычы Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці і ўвабраў у сябе і падзеі гісторыі савецкай дзяржавы, і станаўленне незалежнай Беларусі. Янка Казека заўсёды чуйна прыслухоўваўся да разнастайнага гучання беларускага літаратурнага жыцця, а сваёй творчасцю спрыяў умацаванню ўсяго новага і цікавага, што набывала наша літаратура.

Дырэктар Брылёўскага сельскага Дома культуры Мікалай Яцкоў расказаў пра ўдзел лейтэнанта Івана Казекі ў падзеях Вялікай Айчыннай вайны — і пра мужнасць у бітве пад Ельняй у 1941 годзе ў складзе палка бронецягнікоў, і пра тое, як быў ён прадстаўлены да ордэна Чырвонай Зоркі, але атрымаў толькі медаль „За баявыя заслугі”, і пра ўдзел у парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года.

Да юбілею літаратара быў падрыхтаваны біяграфічны буклет і аформлена кніжная выстава, якую ўпрыгожыла кніга „Кандрат Крапіва” з аўтографам Янкі Казекі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Магілёўскі раён