Янка Купала на паштоўках



Паштоўкі, прысвечаныя народнаму паэту Беларусі Янку Купалу (1882-1942), выдаваліся яшчэ пры жыцці песняра. Гэта адзіны знакаміты беларус, якога ніколі не мінала філакартыя (калекцыяніраванне і вывучэнне паштовак). Купалаўскія паштоўкі выдаваліся ажно з 1910 года. На іх размяшчаліся партрэты паэта, помнікі, віды вуліц, культурна-асветных і навучальных устаноў, якія носяць яго імя, мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю, увасабленне яго твораў.

Першая купалаўская паштоўка з’явілася ў 1910 годзе. На ёй – Янка Купала сярод беларускіх студэнтаў у Пецярбургу. У 1916 годзе выходзіць паштоўка Янкі Купалы з жонкай Уладзіславай Францаўнай. Потым выдаецца купалаўская паштоўка з выяваю Янкі Купалы, паўпрофіль налева, анфас, гальштук з беларускім нацыянальным арнаментам, унізе подпіс: “Янка Купала” і радкі з верша “Ворагам Беларушчыны”: “Будзе ўнукаў панаванне там, дзе сягодня плача дзед”.

Купалаўскія паштоўкі актыўна выдаюцца ў 1920-х гадах. У асноўным на іх адлюстраваны партрэты песняра. Цэнтральнае бюро літаратурнага аб’яднання “Маладняк”  таксама выпусціла  некалькі паштовак з партрэтам Янкі Купалы. У 1939 і 1945 гадах у Маскве былі выдадзены паштоўкі-партрэты Янкі Купалы фатографа Г.Вайля. У 1947 годзе выдавецтва Дзяржаўнага літаратурнага музея ў Маскве (мастак А.Яр-Краўчанка) выпусціла паштоўку-партрэт Янкі Купалы. Выдавалася купалаўская паштоўка і выдавецтвам “Літаратурная газета” у Маскве. У 1950 годзе ў Маскве свет пабачыла фотапаштоўка з комплекса “Мінск”. На ёй адлюстраваны Беларускі Акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

Паштоўка „Янка Купала. Прарок беларускага адраджэньня” была выдадзеная з нагоды 10-х угодкаў смерці Янкі Купалы (на адваротным баку адпаведная адзнака). Мастаком магчыма быў Зміцер Чайкоўскі. Месца выдання — Германія, 1952 год.

Да 70-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі дзяржаўнае выдавецтва БССР падрыхтавала тры паштоўкі. На адной з іх надрукаваны партрэт пісьменніка, на другой – рэпрадукцыя карціны А.Волкава “Янка Купала на адпачынку”, на трэцяй – скульптура А.Глебава “М.Горкі і Я.Купала”.

Дзяржаўнае выдавецтва БССР у 1958 годзе выпусціла накладам 10 тысяч штук паштовую картку “Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) 1882-1942” мастака М.Гусева.

У 1950-х гадах выдаваліся купалаўскія паштоўкі ў Маскве. Помнік-бюст Янкі Купалы каля Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску. Каляровая паштоўка выйшла з друку ў Маскве ў камплекце “Мінск”. У гэтым камплекце была і паштоўка, прысвечаная Беларускаму акадэмічнаму тэатру імя Янкі Купалы. Выдаваліся паштоўкі з партрэтам класіка беларускай літаратуры ў серыях “Советские писатели” і “Писатели Белоруссии”.

У 1962 годзе выйшлі з друку паштовая картачка з партрэтам песняра мастакоў Я.Раманоўскага і В.Харэўскага і камплект з 6 паштовак мастака Арлена Кашкурэвіча. Гэта былі ілюстрацыі да паэм “Бандароўна”, “Безназоўнае”, “Курган”, “Магіла льва”, “На ракой Арэсай”.

Маскоўскае выдавецтва “Планета” выпусціла паштоўку-партрэт Янкі Купалы з ордэнам Леніна. Паштоўка пабачыла свет у 1972 годзе накладам 15 тысяч асобнікаў.

На паштоўцы, якая выйшла з друку ў Маскве ў 1973 годзе, была адлюстравана вуліца Янкі Купалы ў Берасці (камплект “Гарады СССР”, Берасце). Быў надрукаваны камплект паштовак “Беларускія пісьменнікі” (Менск, 1997 г.) з партрэтам Янкі Купалы. Некалькі разоў выдавалася паштоўка з помнікам Янкі Купалы ў Менску (аўтары помніка А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А. Заспіцкі).

Шмат выдадзена было паштовак да 100-годдзя Янкі Купалы, юбілей якога адзначаўся ў 1982 годзе. У Маскве з’явілася паштовая картка з партрэтам Янкі Купалы, а на заднім плане – музей Янкі Купалы ў Менску і з арыгінальнай маркай, акаймаванай беларускім нацыянальным арнаментам, на якой выява скульптурнага бюста паэта ў лаўровым вянку. Гашэнне маркі і канверта адбылося 7 ліпеня 1982 года на галоўнай пошце Менска.

З’явіўся і камплект з 16 паштовак і з фотапартрэтамі Янкі Купалы розных гадоў. Пад кожным партрэтам напісаны ўрыўкі з вершаў Янкі Купалы і сучасны каляровы фотаздымак мясціны, звязанай з жыццём і дзейнасцю паэта.На адным баку вокладкі камплекта – партрэт песняра і ніжэй фотаздымак Літаратурнага музея Янкі Купалы. На другі баку – помнік Янкі Купалы ў парку песняра ў Менску, ніжэй урывак з верша “Мая думка” і хата ў вёсцы Вязынка, дзе пясняр нарадзіўся.

У 1994 годзе выйшлі дзве паштоўкі, прысвечаныя Янку Купалу з бел-чырвона-белаю стужкаю. Паштоўкі выдаў Літаратурны музей Янкі Купалы ў Менску. Да 125-годдзя песняра Міхась Казлоўскі ў Маладзечне (мастак А.Кучко, фундатар М.Апяцёнак) парупіўся і выпусціў паштоўку з маладым песняром. Паштоўка з ілюстрацыяй карціны мастака Вячкі Целеша “Дзвіна-Даўгава – маці наша” (Янка Купала і Ян Райніс) пабачыла свет у 2002 годзе.

У год кнігі ў 2012 годзе Белпошта выпусціла цудоўную Купалаўскую паштоўку. На яе адваротным баку напісана на беларускай і англійскай мовах: “Янка Купала (Луцэвіч Іван Дамінікавіч, 1882-1942)—народны паэт Беларусі, драматург, публіцыст, грамадскі дзеяч, класік беларускай літаратуры”. Паштоўка выйшла накладам 3000 асобнікам. На паштоўцы адлюстраваны партрэт Купалы, хата ў Вязынцы і Літаратурны музей у Менску, а таксама вокладкі кніг песняра. Дарэчы, да 130-годдзя Янкі Купалы Літаратурны музей Янкі Купалы выпусціў некалькі паштовак з выявамі песняра ў розны час. Мастак Сяргей Давідовіч-Зосін парупіўся і таксама выпусціў арыгінальную паштоўку з Купалам і героямі яго твораў.

Кампанія “Будзьма беларусамі” заўсёды радуе нас цікавымі выданнямі. Дзякуючы сябрам кампаніі, з’явілася паштоўка “Адраджэнне” на якой адлюстраваны Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч і Цётка.

Белпошта ў 2015 годзе выпусціла паштоўку на якой змешчана рэпрадукцыя карціны Мая Данцыга “Купалаўскія радкі, 1972”.

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя