100 гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля
4 жніўня Беларусь адзначае 100-годдзе Народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля. За сваё немалое жыццё ён напісаў шмат кніг – вялікіх і розных. Але для мяне асабіста бадай самая дарагая з іх – невялічкі зборнічак малой прозы „Вітраж”.
Ёсць у беларускай літаратуры такія кнігі, як вехі. Я бы іх назваў літаратураўтваральнымі. І толькі з часам гэта робіцца зразумелым. Бо тэксты, якія яны ўтрымліваюць, перастаюць быць проста мастацкімі творамі, а ператвараюцца ў з’яву культуры, робяцца хрэстаматыйнымі.
Такой кнігай з’яўляецца невялічкі зборнік малой прозы Янкі Брыля, выдадзены ў кішэнным фармаце пад назвай “Вітраж”. Гэта адна з тых кніг, з якой пачалася славутая малая проза Івана Антонавіча. Якая з часам ператварылася ў адмысловы жанр вельмі блізкі да дзённікавых запісаў. Прычым аўтар фіксуе ў гэтых запісах не столькі факты, а хутчэй нейкія назіранні-адкрыцці, пачуцці, судакрананні з нечым асабістым, эмацыйна афарбаваныя.
Менавіта ў гэтай кнізе надрукавана славутае, класічнае апавяданне Янкі Брыля “Гуртавое”. Затым яно будзе перадрукоўвацца практычна ва ўсіх выбраных празаіка. У апавяданні апісваецца успамін маленства пра тое, як жыхары яго вёскі выходзілі касіць вялікі луг, які дзяліўся сярод гаспадароў роднай вёскі Загоры. Кожны раз пасля дзяльбы луга заставаўся адзін куточак, які называўся Гуртавое. Гэты куточак касілі супольна, каб выкарыстаць агульнае сена на нейкія калектыўныя патрэбы – прадаць і атрымаць грошы для вёскі. Вось і весь сюжэт – як вёска разам косіць Гуртавое. Але колькі ў гэтым тэксце народнага гумару, нейкай душэйнай цеплыні. Аўтар у канцы апавядання прызнаецца, што ў самыя цяжкія перыяды свайго жыцця, ён згадваў гэтыя сонечныя, вясёлыя малюнкі агульнай касьбы. І яны дапамагалі ўзняць настрой, адужыць хандру, вярнуць веру.
Уся гэтая невялікая кніга Янкі Брыля здаецца для таго і напісаная, каб чытач мог зарадзіцца пазітыўнымі эмоцыямі, адчуць душэўную цеплыню аўтара. Такія кнігі не чытаюцца за раз – прачытаў і паставіў на паліцу. Імі насалоджваюцца ўрывачкамі. Праз нейкі час вяртаюцца да мясцінаў, якія найбольш кранулі, каб яшчэ раз усміхнуцца, або перажыць разам з аўтарам нейкае дзіўнае ўзрушэнне.
Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя
