Японскі мультфільм „Рыбка Поньё на ўцёсе” па-беларуску ў Менску



Мультфільм „Рыбка Поньё на ўцёсе” знакамітага японскага рэжысёра Хаяа Міядзакі пакажуць у беларускім агучванні ў Менску.

Свае галасы героям адной з самых вядомых работ японскага рэжысёра падарылі беларускія акцёры Святлана Цімохіна, Святлана Анікей, Наталля Кот, Павел Харланчук, Алесь Малчанаў і тэлевядучы Яўген Перлін. Паказы мультфільма пройдуць з 21 па 24 чэрвеня ў кінатэатры „Масква”, з 26 па 27 чэрвеня – у кінатэатры „Піянер”.

„Рыбка Поньё на ўцёсе” – дзясяты па ліку поўнаметражны фільм Хаяа Міядзакі, уладальніка ганаровай прэміі „Оскар” за выдатныя заслугі ў кінематографе і аўтара многіх знакамітых работ. Сама стужка ў 2008 годзе была намініравана на „Залатога льва” – галоўны прыз Венецыянскага кінафестывалю, і ўдастоена дзвюх спецыяльных узнагарод гэтага прэстыжнага кінафоруму, а на год пазней стала лепшым анімацыйным фільмам, на думку Японскай акадэміі.

Гісторыя рыбкі Поньё ўяўляе сабой незвычайнае пералажэнне знакамітай „Русалачкі” Андэрсена. На гэты раз гераіня паўстае ў вобразе маленькай дзяўчынкі з усімі ўласцівымі гэтаму ўзросту мілымі і не вельмі асаблівасцямі: цікаўнасцю і непасрэднасцю, наіўнасцю і схільнасцю да замілавання, а яшчэ – упартасцю ў дасягненні запаветнага жадання: стаць чалавекам і заваяваць каханне хлопчыка Сооскэ. І пакуль Поньё ідзе да сваёй мэты, свет вакол у літаральным сэнсе пераварочваецца з ног на галаву, а на сушу абрушваецца мора. Чым усё гэта скончыцца, залежыць ад выбару пяцігадовага хлапчука і яго здольнасці прыняць сваю незвычайную сяброўку такой, якая яна ёсць.

Традыцыю перакладаць на беларускую мову і агучваць галасамі вядомых у свеце беларускага тэатра, кіно і музыкі персон яркія вобразы сусветнага кінематографа, ад класічных хітоў да навінак самых розных жанраў заснавала і падтрымлівае кампанія „Кінаконг”. Дапамагае ёй у гэтым velcom. За час рэалізацыі праекта „Беларускія ўік-энды” ўжо адбыліся паказы такіх фільмаў, як „Хронікі Нарніі: леў, вядзьмарка і гардэроб”, „Маленькі прынц”, „Форэст Гамп”, „Жонка наглядчыка заапарка”, „Кніга Ілая”, „Тайна Келс”,”Таемнае жыццё Уолтэра Міці”.

belta.by