Яшчэ два ўкраінскія тэлеканалы падалі заяўкі на вяшчанне ў Беларусі
Яшчэ два ўкраінскія тэлеканалы падалі заяўкі на вяшчанне ў Беларусі — 1+1 International і „Квартал”. Пра гэта паведаміў Вадзім Ціхановіч, дырэктар кампаніі „Навігатар ТБ” — афіцыйнага дыстрыбутара ўкраінскага дзяржаўнага тэлеканала UA TV на тэрыторыі Беларусі.
Паводле яго слоў, 14 сакавiка падалі заяўкі на вяшчанне ў Беларусі тэлеканалы 1+1 International і „Квартал”. Раней заяўкі на дазвол вяшчання ў Беларусі падалі ўкраінскія каналы Star Cinema і Star Family, яны знаходзяцца на разглядзе. Таксама заяўку на вяшчанне плануе падаваць Інтэр+.
На прэзентацыі тэлеканала, якая прайшла 15 сакавіка ў Менску, Ціхановіч таксама расказаў пра сітуацыю з вяшчаннем UA TV у рэгіёнах Беларусі.
„Заключана 20 дагавораў па рэспубліцы, у асноўным у Берасцейскай і Гомельскай абласцях. Канал карыстаецца попытам у памежным рэгіёне. У Менску практычна ўсе невялікія кабельныя аператары падключаныя. Спадзяемся, што ўключаць velcom і „Белтэлекам”, з імі ёсць вусная дамоўленасць аб уключэнні ў пакет з замежнымі каналамі”, — сказаў Ціхановіч.
UA TV — украінскі тэлеканал замежнага вяшчання, які пачаў сваю працу 1 кастрычніка 2015 года. Тэлеканал вяшчае кругласутачна на трох мовах — украінскай, рускай і англійскай. Перамовы аб яго запуску на тэрыторыі Беларусі вяліся з канца 2014 года, у сярэдзіне лютага 2019-га ён пачаў сваю працу.
belapan.by
