Ён даследаваў родную мову



Да 135-годдзя Янкі Бялькевіча – беларускага педагога, лексікографа і лексіколага.

Пра беларускага лексікографа і лексіколага, аўтара вядома «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» Янку Бялькевіча (1883-1960) хораша неяк сказаў вершам Алесь Пісьмянкоў:

Я зноў аб галоўным,

Аб кроўным,

Я зноў пра свае карані:

Гартаю

Бялькевічаў “Слоўнік”,

Нібыта гасцюю

Ў радні.

Але Янка Бялькевіч быў родам не з Магілёўшчыны, а са Слонімшчыны з вёскі Варонічы, дзе ён з’явіўся на свет 6 сакавіка 1883 года ў сялянскай сям’і. Пасля Свіслацкай настаўніцкай семінарыі ён быў загадчыкам Вароніцкай сельскай школы, потым інспектарам школ Слонімскага павета, а са жніўня 1920 года працаваў у Наркамаце асветы БССР і ў школах Менску.

Для паглыблення сваіх педагагічных ведаў Янка Бялькевіч паступіў на этнолага-лінгвістычнае аддзяленне толькі што адкрытага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ён не прапускаў ніводнай лекцыі, выступаў на семінарах з грунтоўнымі навуковымі рэфератамі па пытаннях беларускай і рускай філалогіі, удзельнічаў у розных гуртках. Яшчэ студэнтам Янка Бялькевіч па заданню слоўнікавай камісіі Інбелкульта збірае лексічны матэрыял для тлумачальнага слоўніка беларускай мовы, распісваючы на карткі творы Ядвігіна Ш. і Максіма Багдановіча. Адначасова студэнт Бялькевіч запісвае і сістэматызуе беларускія словы з іншамоўнымі каранямі, мяркуючы скласці слоўнік іх.

Пасля заканчэння ўніверсітэта Янка Бялькевіч стаў працаваць дырэктарам Мсціслаўскага педагагічнага тэхнікума. Па просьбе слоўнікавай камісіі Інбенкульта ён збірае і сістэматызуе матэрыялы для дыялектнага слоўніка ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці. У вольны час ён выязджае ў раёны, запісвае новыя словы і правярае запісаныя. Напрыканцы 1926 года картатэка будучага слоўніка ўжо налічвала 15 тысяч лексічных адзінак. Часопіс “Наш край” (1928, № 12. С.50) паведамляў пра першыя поспехі Бялькевіча: “Словы на першыя літары слоўніка ўжо апрацаваны ўкладальнікам…”.

Паралельна з укладаннем слоўніка Янка Бялькевіч даволі часта выступае на старонках розных беларускіх выданняў. У прыватнасці, на старонках “Узвышша” ён друкуе рэцэнзіі на слоўнікі, рэзка выступае супраць ужывання ў беларускай літаратурнай мове слоў акаляць і акаляючы са значэннем рускіх окружать, окружающий (нататка “Аб слове акаляць”(Узвышша, 1928, № 2) і г.д.

Выкладчыкі і студэнты БДУ. Стаіць другі злева Янка Бялькевіч, 1924 г.

У Янкі Бялькевіча было шмат планаў і задумак. Але ён хутка будзе арыштаваны ДПУ БССР па справе Саюза вызвалення Беларусі. Гэта здарылася 17 лютага 1930 года. І хоць вінаватым ва ўсім ён сябе не прызнаў, паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года яго саслалі на 5 гадоў у Іашкар-Алу. Там працу над беларускай філалогіяй яму замянілі працай на лесапавале. А калі вызваліўся, выехаў у Данецкую вобласць, дзе выкладаў у школах рускую мову і літаратуру.

У 1948-1958 гадах працаваў у розных навучальных установах Жданава. Але і там, далёка ад Радзімы, Янка Бялькевіч не спыняў працу над слоўнікам. Ён вельмі хацеў вярнуцца на Беларусь, але да канца жыцця на гэта не атрымаў дазволу. Сэрца не вытрымала такой знявагі. За месяц да смерці яго рэабілітавалі, а ў кастрычніку 1960 года даследчыка нашай мовы не стала.

Клопаты аб выданні «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» пасля смерці Янкі Бялькевіча ўзялі на сябе яго жонка Ніна Мікалаеўна Улашчык і сын Узяслаў. І ў 1970 годзе ён пабачыў свет. Гэты слоўнік — адзін з самых поўных і грунтоўных з ліку ўсіх вядомых рэгіянальных (абласных) слоўнікаў беларускай дыялектнай мовы.

 Слоўнік Янкі Бялькевіча з’яўляецца багатым зборам лексікі жывой народнай мовы насельніцтва ўсходняй часткі Магілёўскай вобласці. Ён змяшчае каля 20 тысяч слоў. Вялікае слоўнае багацце, сабранае Янкам Бялькевічам, даўно просіцца перавыдання, перавыдання не толькі слоўніка, а і іншых ягоных прац.  

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара