Ён хацеў вольна жыць



31 студзеня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння паэта Алеся Гурло (1892-1938), які першы свой верш надрукаваў у “Нашай Ніве” у 1907 годзе. А ў 1915 годзе паэт пісаў:

Наўкол ліецца кроў, наўкол людскія цені…

Як бы сшалелы, я не знаю, што рабіць.

А сонца кідае крывавыя праменні:

Куды ісці? Я вольна хачу жыць!..

Паэт вольна не жыў. Яго нават называлі “матросам рэвалюцыі”. Гэта Алесь Гурло прынёс на крэйсер “Аўрора” пакет з загадам аб залпе – сігнале да штурму Зімняга палаца ў Петраградзе. З пакета Гурло і пачаўся у Расеі той кастрычніцкі пераварот. А яшчэ нашаму паэту далёка ад Радзімы прыйшлося ўдзельнічаць у грамадзянскай вайне.

Але не гэта галоўнае ў яго біяграфіі. Галоўнае тое, што паэт у 1921 годзе вярнуўся на Бацькаўшчыну. Падрыхтаваў і выдаў слоўнік “Тэхнічная тэрміналогія”, збіраў слоўнік капыльскіх краўцоў і пісаў вершы. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў “Маладняк”, “Полымя” і “Пробліск”. У 1930 годзе яго рэпрэсіравалі і саслалі ў Самару. Але ён выжыў і там, зноў вярнуўся дамоў, але на гэты раз паміраць ад сухотаў.

Пры жыцці Алесь Гурло напісаў і выдаў цудоўныя кнігі вершаў “Барвёнак”, “Спатканні”, “Сузор’і”, “Зорнасць” і “Межы”. Усе яны выйшлі з друку ў 1920-х гадах.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]