Ён прайшоў ГУЛАГ. Да 100-годдзя Янкі Жамойціна



28 студзеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння празаіка, публіцыста і грамадскага дзеяча Янкі Жамойціна (1922-2003).

Янка Жамойцін быў родам з Лідчыны. Вучыўся ў польскай школе ў Скрыбаве і ў Шчучыне, а потым – у польскай гімназіі ў Варшаве. Закончыў у Жэшуве прафесіянальны інстытут права і адміністрацыі. Меў дыплом магістра адміністрацыі Варшаўскага ўніверсітэта. Жыў і працаваў у Варшаве.

У 1943 годзе кіраўніцтвам Беларускай незалежніцкай партыі Янка Жамойцін быў накіраваны ў Саюз беларускай моладзі (СБМ) дзеля пашырэння ідэі незалежнасці сярод моладзі. Ён з’яўляўся акруговым кіраўніком СБМ у Наваградку. У канцы Другой сусветнай вайны Янка Жамойцін апекаваўся беларускімі хлопцамі ў нямецкіх лагерах працы ў Кёльне і ў Дэсаў. А восенню 1945 года ўжо жыў у Польшчы, дзе праз чатыры гады быў арыштаваны органамі МДБ і асуджаны ў Менску на 25 гадоў зняволення, хаця пракурор патрабаваў расстрэлу. Пасля суда з Менску быў этапаваны ў канцлагер пад Акмолінскам, а потым у Караганду.

У ГУЛАГУ адбыў 7 гадоў і ў 1957 годзе вярнуўся ў Варшаву. Жывучы ў Варшаве, Янка Жамойцін прымаў удзел у самых розных беларускіх арганізацыях. Актыўна друкаваўся на старонках беларускага тыднёвіка “Ніва”, а таксама ў іншых беларускіх выданнях Польшчы і ЗША. У зборніку “Лёс аднаго пакалення” (Беласток, 1996) апублікаваў сваю біяграфічную аповесць “З перажытага”.

На фота: Беларускія пісьменнікі Польшчы. Янка Жамойцін сядзіць на першым плане пасярэдзіне. 2002г.
На фота: Беларускія пісьменнікі Польшчы. Янка Жамойцін стаіць на першым плане злева, 2002 г.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]