Ён выдаваў часопіс „Шлях моладзі”



17 лістапада спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння празаіка, паэта, публіцыста, выдаўца і педагога Янкі Багдановіча (1906-1990).

Родам Янка Багдановіч быў з вёскі Гібіняты былога Ашмянскага павета, цяпер гэта Валожынскі раён. У 1918 годзе ў яго амаль адначасова памерлі маці і бацька. 12-гадоваму Янку і яго малодшаму брату Віктару давялося жыць спачатку ў Барунскім, затым у Віленскім дзіцячых прытулках, арганізаваных беларускай інтэлігенцыяй на зыходзе Першай сусветнай вайны.

Скончыўшы Віленскую беларускую гімназію ў 1927 годзе, Янка Багдановіч працаваў у друкарні імя Францыска Скарыны. У 1930-х гадах ён пачаў друкаваць у віленскіх газетах і часопісах свае вершы, артыкулы, допісы, апавяданні, уключыўся ў заходнебеларускі грамадска-культурны рух. Разам з Янкам Шутовічам, Мар’янам Пецюкевічам і Язэпам Найдзюком пачаў выдаваць часопіс “Шлях моладзі”. У ім таксама друкаваў свае замалёўкі, апавяданні, вершы, байкі.

У гады Другой сусветнай вайны Янка Багдановіч вучыўся ў Віленскай настаўніцкай семінарыі і адначасова працаваў настаўнікам і дырэктарам школ. А ў 1952 годзе паступіў у Новавільняйскі педагагічны інстытут. Але вучыцца не давялося, бо быў беспадстаўна рэпрэсаваны і высланы ў Варкуту. Там знаходзіўся да 1956 года. А пасля рэабілітацыі вярнуўся зноў у Вільню і  працаваў настаўнікам.

Пасля смерці Янкі Багдановіча, доктар філалагічных навук Арсень Ліс выдаў кнігу яго ўспамінаў “На жыццёвым шляху” (Менск, 1992). У ім аўтар пакінуў успаміны пра беларускую міжваенную Вільню, пра знакамітых беларусаў, якіх ён ведаў і сябраваў, і, вядома ж, пра сталінскія лагеры, якія прыйшлося прайсці.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя

Фота з архіва аўтара