Ён заўсёды размаўляў па-беларуску



У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася літаратурная сустрэча, якую наладзілі Гарадзенскае аддзяленне Саюза беларускіх пісьменнікаў, Дзятлаўская суполка ТБМ і супрацоўнікі музея. Сустрэча была наладжана з нагоды 85-годдзя з дня нараджэння дзятлаўскага паэта і настаўніка Міколы Грышана (1933-2016). На сустрэчу ў Дзятлава завіталі кіраўнік Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка, літаратуразнавец, прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта Аляксей Пяткевіч, паэт Юрка Голуб, пісьменнік, краязнавец, гісторык і журналіст Сяргей Чыгрын.

Літаратурную сустрэчу пачаў дзятлаўскі грамадскі актывіст, былы настаўнік Валерый Петрыкевіч, які шчырымі словамі згадваў Міколу Грышана. “Гэты чалавек усё жыццё размаўляў толькі на роднай мове, ён быў не проста настаўнік, а глыбока-творчы інтэлігент. Я яго ведаў даўно. Ён завочна вучыўся ў Гарадзенскім тады педінстытуце. Ён часта гасціў у мяне, нават начаваў, заўсёды чытаў свае вершы”, — прыгадаў пры Міколу Грышана Аляксей Пяткевіч. А пісьменніца і журналістка з Дзятлава Леанарда Юргілевіч адзначыла, што Мікола Грышан быў не толькі добрым настаўнікам, паэтам, але вельмі працавітым чалавекам. Ён не баяўся фізічнай працы, яго часта можна было сустрэць на агародзе, у полі, а ў вольны час пісаў вершы і вельмі любіў сваіх землякоў.

Сяргей Чыгрын таксама з цеплынёй успомніў свайго старэйшага сябра Міколу Грышана, ён захаваў шмат пісем ад яго, артыкулаў на розныя тэмы. «Мікола Грышан быў не толькі паэтам, але і публіцыстам, ён некалі напісаў і апублікаваў рэцэнзію на мой першы паэтычны зборнік вершаў “Шчырая Шчара”, пісаў таксама матэрыялы на педагагічныя, гістарычныя і літаратуразнаўчыя тэмы», — адзначыў Сяргей Чыгрын. А Юрка Голуб успомніў той час, калі працаваў літкансультантам у “Гродзенскай праўдзе”, куды дасылаў свае вершы паэт з Дзятлаўшчыны і яны друкаваліся на старонках абласной газеты.

Шчырымі словамі прыгадвалі Міколу Грышана яго землякі, а таксама вучні і настаўнікі, якія з ім працавалі – Георгій Шундрык, Раіса Лакіза, Наталля Ляўковіч, Вера Хрышчановіч.

У гэты вечар гучалі вершы Міколы Грышана з адзінага выдадзенага яго паэтычнага зборніка “Вернасць” і вершы, прысвечаныя яму. Парадавала сваімі песнямі і юная дзятлаўская гітарыстка Юлія Салаш.

Падсумаваў вынікі сустрэчы Валянцін Дубатоўка, які падзякаваў усім арганізатарам вечарыны і за тое, што памятаюць свайго настаўніка і паэта, які ўсё жыццё размаўляў і думаў па-беларуску.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлава

Фота аўтара