„Ён жыў роднай песняй”



Імпрэза, прысвечаная памяці харавога дырыжора, кампазітара Антона Валынчыка „Ён жыў роднай песняй” прайшла ў гарадзенскай абласной бібліятэцы імя Яўхіма Карскага. Нядаўна споўнілася 120 гадоў з дня яго нараджэння, з гэтай нагоды на мерапрыемства былі запрошаныя яго некаторыя вучні, якія згадалі пра маэстра. Таксама на сустрэчу з грамадскасцю прыехаў аўтар біяграфічнай кнігі пра Антона Валынчыка – літаратар са Слоніма Сяргей Чыгрын.

– Гэта быў чалавек, якога лёс кідаў пасля вайны па ўсёй Беларусі, і няпросты гэты быў лёс, няпроста ў яго складвалася сітуацыя з працаю. Зараз дзіву даюся, як ён выжыў і як яго мінулі сталінскія рэпрэсіі. Ён у прынцыпе павінен быў трапіць у сталінскія лагеры, але гэтага пазбегнуў. Магчыма пазбегнуў таму, што больш туліўся да праваслаўных цэркваў, кіраваў хорамі ў Слоніме, у іншых гарадах.

Спакваля прасоўваецца ў Гародні справа ўвекавечвання памяці кампазітара, які тут жыў і працаваў. Адноўлены помнік на яго магіле, а таксама ў верасні гэтага году была ўсталявана яму памятная шыльда на адным з карпусоў Купалаўскага Універсітэта.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя