Юбілейны нумар часопіса “Верасень”



Выйшаў з друку, дваццаты, юбілейны, нумар літаратурна-мастацкага часопіса “Верасень”, які рэдагуе вядомы паэт і бард Эдуард Акулін.

Паэзія ў выданні прадстаўлена вершамі Наты Драздовай, Янкі Каліноўскага, Кацярыны Глухоўскай, Анхелы Эспіносы Руіс, Марыны Ількевіч, Уладзіміра Шыпілы, Лізаветы Дамінікі Панамаровай, Алеся Мацулевіча, Дар’і Дарошка і Міколы Лешчуна.

Раздзел “Проза” складаюць апавяданні Міколы Адама, Сяргея Календы, Юльяны Пятрэнка, Наталлі Бучынскай, Марыі Сцяфанавай, Лявона Валасюка і Вінцэся Мудрова. У раздзеле “Пераклады” друкуюцца вершы вядомай балгарскай паэткі Элкі Няголавай.

Раздзел “Крытыка” адкрывае “марсіянскае” эсэ Васіля Дранько-Майсюка, прысвечанае Паўлюку Трусу. Пра “значнае” і “выпадковае” ў жыцці творцы – гутарка Эдуарда Акуліна з музыкам і літаратарам Юрыем Несцярэнкам. Уражаннямі ад наведвання “Новага свету” дзеліцца ў сваіх “штатных нататках” Уладзімір Сіўчыкаў. Да юбілею Анатоля Сыса Алесь Бяляцкі змяшчае “Сем лістоў” паэта, адрасаваных ягоным блізкім сваякам. Артыкулам “Планіда Сяргея Панізьніка” Тамара Аўсяннікава віншуе вядомага паэта з 60-годдзем творчага шляху. Сяргей Чыгрын знаёміць чытачоў з невядомымі старонкамі жыцця братоў Хлябцэвічаў. Яна Будовіч аналізуе праблемы творчага росту ў паэзіі Янкі Каліноўскага. Эдуард Дубянецкі разглядае паэтычны сусвет маладой паэткі Галіны Сіўчанка. Пад назвай “Пасыльная з ніадкуль” друкуецца рэцэнзія Анатоля Трафімчыка на паэтычны зборнік Анхелы Эспіносы Руіс і іншыя цікавыя і разнастайныя матэрыялы…

Беларускае Радыё Рацыя