«Юбілейныя сімвалы» ў Глыбокім



«Юбілейныя сімвалы» – выстава геральдыкі раённых гарадоў Віцебскай вобласці адкрылася ў Глыбоцкім цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці. Яна прымеркаваная да 80-годдзя Віцебскай вобласці.

На ёй майстры з розных куткоў Віцебшчыны прадставілі вышываныя гербы і сімвалы гарадоў у выглядзе беларускіх арнаментаў.

Па словах кіраўніка народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Крыніца» Святланы Кавальчук, гэты праект своеасаблівы падарунак майстрых Віцебшчыны сваёй вобласці ў знак юбілею.

На выставе прадстаўленыя гербы і сімвалы ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці, якія ўдзельнічалі ў праекце «Юбілейныя сімвалы», прысвечаным 80-годдзю Віцебскай вобласці. Праходзіў гэты праект у межах фальклорнага форуму ў Лепелі 15 снежня 2017 года. Усе майстрыхі ўклалі часцінку сваёй душы ў працы, і праект выйшаў прыгожым, яскравым, святочным.

Выставу «Юбілейныя сімвалы» Глыбокае прымае першым з раённых гарадоў Віцебшчыны. Дагэтуль яна была толькі ў Віцебску. Пасля Глыбокага выставу прыме Шаркоўшчына. А ў Глыбокім яна будзе працаваць да 25 траўня з дзевяці да васямнаццаці гадзін штодня.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя