Юлія Шастак: Помнікі разбураюць не толькі людзі, але і няўмольны час



Днямі беларускія СМІ абляцела навіна пра з’яўленне купалу над уяздной брамай Старога Замку ў Гародні. Здаецца шэраговая падзея, але ізноў віруе грамадская заклапачонасць.  І гэта не першы выпадак, калі на праблему ўзнаўлення архітэктурных помнікаў маюцца розныя погляды і несціхаючыя абмеркаванні сярод актывістаў і адмыслоўцаў.

Разам з «Госцяй Рацыі», беларускай архітэктарам-рэстаўратарам Юліяй Шастак, пагаворым пра праблемы і перспектывы беларускай рэстаўрацыйнай школы.

РР: Калі ўзяць сітуацыю з Гарадзенскім замкам, хаду яго рэстаўрацыі, то часам узнікаюць непаразуменні паміж грамадскацю і спецыялістамі, якія працуюць на аб’екце. Як, на Ваш поглад, павінен працякаць ідэальны працэс працы па ўзнаўленні будынка, каб усе былі задаволеныя?

Юлія Шастак: Ідэальны працэс працы павінен быць арганізаваны не так, як у нашай краіне. Таму што падставай да таго, каб усё адбывалася з пэўнымі пытаннямі, дае нам найперш дзяржава, якая не арганізавала такой магчымасці для працы рэстаўратараў, каб яны маглі адпаведна сусветным законам і нормам, прынятай у свеце мадэлі рэстаўрацыйных працаў займацца сваёй справай у Беларусі. У нас няма ні абарончых срокаў, ні сродкаў, каб абараніцца ад рэстаўратараў. У нас няма ніякіх інспекцый, няма грамадскіх арганізацый, якія б маглі паўнавартасна і важка выказаць сваё меркаванне для таго, каб нешта спыніць ці змяніць кірунак развіцця працэсу. Адначасова ў нас няма такой логікі развіцця рэстаўрацыйнага праекта, якая адпавядала б рэстаўрацыйным патрэбам. У нас ніколі не хапае часу на працэс. У нас ёсць дзіўныя для вуха тых жа польскіх ці літоўскіх экспертаў такія рэчы, як тэрміны, у якія трэба ўкласціся. Гэта звязвае па руках і нагах усё тое, што з’яўляецца падставовым для арганізацыі рэстаўрацыйнага працэсу. Паслядоўныя адкрыцці, вывучэнне гісторыі, рэзервы часу для працы даследчыкаў: гісторыкаў, хімікаў, фізікаў… І калі падчас рэстаўрацыйных працаў нешта раптам адкрываецца новае, то мы не маем часу, каб гэта даследаваць, таму што рэалізуецца праект, які ўжо немагчыма спыніць.

У тым жа Нясвіжскім замку, калі ў камяніцы былі знойдзены роспісы ў стылі шынуазры, немагчыма было спыніць выкананне праекту, які пачаў рэалізоўваць “Грамадзянпраект” па арганізацыі рэстарацыі ў гэтых памяшканнях. У той жа момант, калі па нармальнай логіцы, гэтыя роспісы трэба закрыць шклом і пускаць туды наведвальнікаў па адным, па два, па тры. Гэта стварае парадаксальную сітуацыю непавагі да гістрычнай часткі нашай працы і бездапаможнасці тых, хто гэтую павагу адчувае, але ніяк не можа гэтым скарыстацца.

РР: Калі, напрыклад, актывісты бачаць, што ў рэстаўрацыі наступаюць некаторыя праблемы, на якім этапе яны могуць умяшацца і ініцыяваць грамадскія слуханні, і ці можа гэта дапамагчы архітэктару-рэстаўратару неяк паўплываць на працэс?

Юлія Шастак: У ідэальнай сістэме, канешне ж, можна паўплываць. У нашай краіне, мне здаецца, пакуль не спрацавала яшчэ ні разу. Умяшацца, напэўна, можна ў любы момант, але ці дасць гэта эфект? Пэўна, калі сігналізаваць у Міністэрства культуры, то павінны. Але па маім досведзе – я з’яўляюся не проста грамадскай актывісткай, а сябрам Грамадска-назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры па ахове спадчыны – нават нашыя сігналы і заўвагі не заўсёды прымаюцца да ўвагі.

РР: Апошнім часам спецыялісты наракалі на тое, што беларуская рэстаўрацыйная школа адсутнічае. То бок, у нас няма навучальных устаноў, якія б давалі належны досьвед. Што далей будзе з беларускай рэстаўрацыяй?

Юлія Шастак: Навучальная школа ў нас сапраўды адсутнічае, але яна і не патрэбна. У рэстаўрацыю трэба прыходзіць, як я, дакладна ведаючы яшчэ да паступлення ў ВНУ, што ты хочаш гэтым займацца, альбо, калі ты стаў архітэктарам, які прайшоў адпаведнае дадатковае навучанне. Будучыя рэстаўратары, вучыце механіку, таму што тое, што разбурае нашы помнікі, гэта не толькі мы, людзі, але і законы фізікі, няўмольны час. Нічога не паробіш!

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Менск