Юны беларус перамог у агульнабрытанскім конкурсе малюнку



Беларускі школьнік Янка Мацко, які з бацькамі пражывае ва Ўэльсе (Вялікая Брытанія), перамог у конкурсе малюнкаў сярод каталіцкіх пачатковых школаў, парафіяў і скаўцкіх суполак Уэльса, Ангельшчыны і Шатляндыі. Гэты агульнабрытанскі конкурс заснаваны таварыствам рыцараў Святога Калумба. Янка быў адзначаны грашовым узнагароджаннем, а пасведчанне пра перамогу выпісанае яму галоўным магістрам ордэна. Грашовы прыз, а таксама кубак, на якім пазначана імя Янкі Мацко і школы-пераможцы, атрымала таксама школа, якая яго накіравала. Кубак пераходны, таму будзе захоўвацца ў школе цэлы год, да наступнага конкурсу.

Да наступных Калядаў ягоны малюнак будзе выдрукаваны як калядная паштоўка. Калі добра паглядзець на малюнак, то можна заўважыць і беларускі бел-чырвона-белы сцяг з правага боку. 

Янка Мацко мае 9 гадоў, з’яўляецца вернікам Беларускай Грэка-каталіцкай Царквы, і паходзіць з гарадзенскай парафіі Маці Божае Фацімскай, а цяпер навучаецца ў школе Святога Давіда ва Ўэльсе. 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя