З кнігай “Слонім і ваколіца” знаёмяцца слонімскія школьнікі



У Слонімскай сярэдняй школе № 4 адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Чыгрына “Слонім і ваколіца”.

Адкрыў прэзентацыю кнігі свайго земляка настаўнік беларускай мовы і літаратуры школы Эдуард Мікілевіч, які сказаў, што прэзентацыяй кнігі Сяргея Чыгрына мы распачынаем тыдзень беларускай культуры, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, які будзе адзначацца ва ўсім свеце 21 лютага.

Сяргей Чыгрын перад вучнямі і настаўнікамі распавёў пра тое, як ён працаваў над кнігай, прысвечанай Слонімшчыне, яе гісторыі і помнікам, а таксама знакамітым людзям, якія адсюль родам. А потым літаратар і гісторык доўга адказваў на розныя пытанні настаўнікаў і вучняў, а аўтар самага найцікавейшага пытання атрымаў у падарунак кнігу з аўтографам свайго земляка.

У лютым запланавана яшчэ некалькі прэзентацый кнігі Сяргея Чыгрына на Слонімшчыне.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім.

Фота аўтара.