З Магілёўскага драматычнага тэатра звольнены дырэктар Андрэй Новікаў



З Магілёўскага драматычнага тэатра звольнены шматгадовы дырэктар. Афіцыйная фармулёўка прычыны спынення працоўных адносін з Андрэем Новікавым, які кіраваў тэатрам з 2000 года, — „у сувязі са скасаваннем кантракта”, гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на старонцы тэатра ў „Фэйсбуку”.

Новікаў адмаўляецца размаўляць пра звальненне. Ён просіць адрасаваць пытанні з гэтай нагоды працадаўцу — абласному ўпраўленню культуры.

Пагутарыць з кіраўніком упраўлення Алегам Стальмашком, у кампетэнцыю якога ўваходзяць пытанні звальнення, не ўдалося. Ён сказаў, што па тэлефоне „такіх каментароў” не дае.

За 20 гадоў кіраўніцтва Новікавым тэатр станавіўся лаўрэатам нацыянальных і міжнародных конкурсаў. У 2018 годзе Новікаў быў занесены на абласную дошку гонару, удастоены звання „Чалавек года Магілёўшчыны”, а ў 2019-м — узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Па адукацыі ён гісторык.

У калектыве лічаць, што звальненне Новікава звязанае з пратэстнай актыўнасцю часткі супрацоўнікаў.

У жніўні 26 работнікаў тэатра выступілі з адкрытым зваротам да ўладаў — запатрабавалі пачаць дыялог з грамадскасцю і выказалі абурэнне рэпрэсіўнымі дзеяннямі супраць грамадства. Паводле слоў акцёраў, пасля гэтага чыноўнікі сустрэліся з калектывам, каб высветліць яго пазіцыю, запэўнілі, што не будуць пераследаваць за публічны зварот.

24 лістапада ў тэатры адбыўся сход, на якім, паводле слоў удзельнікаў, не была выпрацаваная агульная пазіцыя наконт звальнення кіраўніка. Спыненне працоўных адносін з ім было названае „адміністрацыйным шантажом”. Некаторыя супрацоўнікі тэатра кажуць, што „ён ахвяруе сабой дзеля захавання калектыву”. У абласное ўпраўленне культуры быў накіраваны зварот з просьбай пакінуць Новікава на пасадзе. Ліст падпісалі 86 супрацоўнікаў. Усяго ў калектыве больш за 120 чалавек.

„Калектыў цяпер у дэмаралізаваным стане, — сказаў адзін з падпісантаў. — А паколькі калектыўна абараніцца не ўдалося, то кожны выбірае свой шлях. Мы без энтузіязму сустрэнем новага дырэктара”.

У тэатры заяўляюць, што новы дырэктар з’явіцца 26 лістапада.

belapan.by