З песняй – у дарогу
У актавай зале музычнай школы Бярозы адбыўся канцэрт беларускага спевака Аляксандра Сухарава, які дайшоў да Бярозы пешшу. Пачаў свой другі музычны тур Аляксандр з Менску.
Фінішны горад – Берасце, куды ён плануе дайсці 8 сакавіка. Там жыве матуля спевака, якую ён хоча павіншаваць асабіста са Cвятам жанчын.
Выступ Сухарава з сольнай праграмай у Бярозе прайшоў пры даволі шматлікай аўдыторыі:
– Магчыма б я і не адважыўся на другі тур, каб не бачыў рэакцыю людзей пасля першага. Я не займаюся самалюбаваннем ці самарэкламай. Я бачу, што людзям цікава тое, што я раблю.
Сапраўды, выступ Аляксандра Сухарава спадабаўся бярозаўскім гледачам. Яны актыўна падпявалі спеваку і засталіся ўдзячныя за прыемна праведзены час:
– Вельмі задаволеныя. Вялікі дзякуй!
– Я ўпершыню на ягоным канцэрце, але мне вельмі спадабалася.
– Асаблівае ўражанне зрабіла тое, што ён пешшу ў Бярозу прыйшоў.
Да Бярозы канцэрты Аляксандр Сухараў даў ужо ў Дзяржынску, Стаўпцах, Баранавічах, Івацэвічах. На чарзе – Кобрын і Берасце.
У канцэрце прыняла ўдзел і 15-гадовая Ангеліна Піпер з Берасця. Дзяўчынка 10 гадоў займаецца вакалам. Яна павіншавала гледачоў з надыходзячым святам 8 Сакавіка. Песня-падарунак мамам расчуліла жаночую палавіну аўдыторыі:
Ангеліна – студэнтка Акадэміі папулярнай музыкі Ігара Крутога, двойчы была фіналісткай на дзіцячым Еўрабачанні, фіналістка міжнароднага конкурса Sanremo Junior.
Яна выконвае песні на беларускай, рускай і польскай мовах.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Бяроза
