Забароненую фотавыставу Віктара Барысенкава можна паглядзець у інтэрнэце
Выстава «Самое время вспомнить» павінна была адчыніцца 27 траўня ў Віцебскім краязнаўчым музеі, але аўтару адмовілі ў экспанаванні ягоных работ.
Віктар Барысенкаў – не проста фатограф, а яшчэ і краязнаўца: ён выкарыстовае метад таймераграфіі, з дапамогай фотамантажу сумяшчаючы выявы мінулых часоў і сучасныя краявіды Віцебска. Творчасць фотамастака добра знаёмая віцяблянам: у горадзе прайшлі дзясяткі ягоных выставаў. Што адбылося цяпер, чаму паўстала забарона, ніхто не патлумачыў, кажа Віктар Барысенкаў:
– Мне нічога падрабязна не тлумачылі. А я за ўласны кошт гэта рабіў, хаця не маю з гэтай выставы ні ганарараў, ні якіх-кольвек адлічэнняў. І якая тут можа быць матывацыя, калі амаль што ўсе гэтыя працы ўжо экспанаваліся – з 2014-га года было столькі выставак!
На думку Віктара Барысенкава, адмяніла фотавыставу не кіраўніцтва музея, а нейкія іншыя, вышэйшыя інстанцыі. Бо за два дні да гэтай падзеі была адменена яшчэ і лекцыя фатографа-краязнаўцы, прысвечаная візуальнай гісторыі Віцебска падчас акупацыі ў часе Другой сусветнай вайны. Цяпер Віктар Барысенкаў вырашыў, што фотавыставу варта паказаць, нягледзячы ні на што. І праводзіць яе ў віртуальным фармаце – на сваёй старонцы з Фэйсбуку. Працы фотамастака паглядзелі сотні наведнікаў. І, як мяркуе аўтар, такі фармат толькі паспрыяў і ягонай папулярнасці, і папулярызацыі гісторыі Віцебска.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск
